Кожны выпускнік школы павінен засвоіць нормы і правілы паводзінаў у грамадстве, свае правы і абавязкі, асноўныя палажэнні аб працы, шлюбе, прававыя адносіны бацькоў і дзяцей, заканадаўства аб ахове здароўя, асноўныя палажэнні Грамадзянскага і Крымінальнага кодэксаў.

У сучасных умовах прававое выхаванне неабходна для таго, каб прапагандаваць бяспечны і здаровы лад жыцця сярод падлеткавага асяроддзя. Яно адыгрывае вялікую ролю ў барацьбе з дзіцячай злачыннасцю, асацыяльнымі паводзінамі, гвалтам, стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы.

Веданне правоў – гэта шчыт, які затуляе дзяцей, іх годнасць ад замахаў з боку іншых людзей. Гэта дае дзіцяці магчымасць раскрыцца як асоба, самарэалізавацца.

Ужо ў раннім узросце дзецям неабходна прывіваць асновы прававых ведаў, пры гэтым фарміруючы дакладнае ўяўленне не толькі аб правах, але і пра абавязкі і адказнасць.

З гэтай мэтай супрацоўнікі аддзела ЗАГС, натарыяльнай канторы і адвакаты на базе аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама правялі сустрэчы з вучнямі 10-ых класаў сярэдніх школ № 1 і № 3, гімназіі № 1 горада Дзятлава на тэму “Урок прававых ведаў”.

Адвакат юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна Эдзіта Перажок выступіла з лекцыяй аб папярэджанні злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў, прывяла прыклады з практыкі, расказала аб пакаранні за злачынствы, прадугледжаныя за захоўванне, распаўсюджванне і прымяненне наркатычных сродкаў.

Галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Святлана Вінакурава расказала старшакласнікам аб правах і абавязках дзяцей ад нараджэння да паўналецця, якія рэгламентуюцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь. Паказала, дзе захоўваюцца актавыя запісы, як выглядалі кнігі рэгістрацый 1945-га года, якія існуюць віды актавых запісаў, як фарміруецца архіў. Даведалася моладзь, што неабходна ведаць тым, хто захацеў памяняць свае прозвішча, імя або імя па бацьку, пра ўмовы заключэння шлюбу.

Натарыусы Гродзенскай натарыяльнай акругі Жанна Сёмуха і Любоў Аўсіевіч гаварылі пра правы непаўналетніх у нашай краіне. Важнасць і неабходнасць асаблівай юрыдычнай абароны непаўналетніх (асабліва ва ўзросце да 18 гадоў) звязана з тым, што дзіця ў сувязі з яго разумовай і фізічнай “няспеласцю” мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы дарослых. Акрамя таго, дзеці пастаянна правяраюць як свае магчымасці, так і магчымасці навакольнага іх свету, і хто як ні дарослы ў патрэбную гадзіну зможа падказаць, што можна, а што нельга рабіць, якія правы і абавязкі з’яўляюцца са сталеннем, якая надыходзіць адказнасць за парушэнне ўстаноўленых у грамадстве правілаў.

Экскурсія па натарыяльнай канторы і аддзеле ЗАГС надала сустрэчы наглядную завершанасць пачутага.

Падрыхтавала да друку Ірына КАМАРОВА
Фота прадастаўлена аддзелам ЗАГС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 

Похожие публикации