Комплекс “Ясна” – на радасць маленькім дзятлаўчанам (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

На пляцоўцы адпачынку па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве ўрачыста адкрылі гульнявы комплекс ад брэнда “Ясна” кампаніі “Белтэлекам”.

На забаўляльную сустрэчу дзяцей запрасілі супрацоўнікі вузла электрасувязі і роставыя лялькі “Dolls4All”.

Гасцей свята павітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч:

– У нашым раёне стала добрай традыцыяй ствараць новыя сацыяльныя аб’екты. Мы будуем жыллё, адкрываем новыя спартыўныя, гульнявыя пляцоўкі, каб арганізаваць спрыяльныя ўмовы для жыцця і адпачынку мясцовых жыхароў. Сёння дзякуючы кампаніі “Белтэлекам” на Дзятлаўшчыне адбываецца чарговая знакавая падзея. Віншую маленькіх і дарослых жыхароў райцэнтра з новым адкрыццём!

Да словаў віншавання далучыўся начальнік Слонімскага занальнага вузла электрасувязі Ігар Бялоў:

– Дарагія дзеці! Мы з калегамі спадзяёмся, што гэта месца адпачынку стане любімым для вас. Хочацца пажадаць, каб, гуляючы на пляцоўцы, вы раслі здаровымі, моцнымі, вясёлымі і дружнымі.

Ігар Станіслававіч і Ігар Уладзіміравіч перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку, даючы старт яркім, захапляльным дзіцячым забавам. Разам з новым гульнявым абсталяваннем маленькія дзятлаўчане атрымалі сапраўднае свята з гульнямі, конкурсамі  і падарункамі, якія ім уручыў начальнік Дзятлаўскага ўчастка электрасувязі Уладзімір Фясяк разам са сваімі калегамі.

“Ясна” – адзін з самых паспяховых брэндаў кампаніі “Белтэлекам”, які з’явіўся ў 2016 годзе і ўжо стаў лідарам у прадастаўленні паслуг электрасувязі, высакахуткаснага інтэрнэту і лічбавага інтэрактыўнага тэлебачання. Акрамя таго, за брэндам “Ясна” замацаваўся статус сямейнага, камфортнага, які мяняе жыццё да лепшага. Дарыць дзецям новыя гульнявыя комплексы стала добрай традыцыяй для сувязістаў.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара



Теги: