Шмат цудоўных мясцін, якія можна наведваць

Важнае Грамадства

Прэзідэнт нашай краіны ўлічыў станоўчыя водгукі і шматлікія пажаданні замежных грамадзян і падоўжыў да канца 2022 года права на бязвізавы ўезд, выезд, знаходжанне ў Рэспубліцы Беларусь для грамадзян Латвіі і Літвы.

Рашэнне кіраўніка дзяржавы – наглядны прыклад імкнення да захавання добрасуседскіх адносінаў і падтрымання міжасобасных кантактаў паміж людзьмі ва ўмовах санкцый. Выкарыстанне “бязвізу” ўжо паказала прывабнасць Беларусі для жыхароў суседніх краін. Пасля “ковіднага перапынку” суседзі могуць нарэшце сустрэцца са сваякамі, пабываць на магілах родных, вырашыць надзённыя пытанні – мэты такіх паездак самыя розныя.

Што яго прывяло на дзятлаўскую зямлю і ці зручны “бязвіз” для жыхароў краін-суседак, мы даведаліся ў грамадзяніна Латвіі Анатолія Майсака, які гасцюе ў вёсцы Раманавічы.

– Беларуская вёска Раманавічы – мая малая радзіма, дзе я вырас, дзе жывуць землякі, на жаль, ужо няма бацькоў, але мне ў спадчыну застаўся родны дом, у які цяпер і прыязджаю адзін-два разы на год. Часцей гасцяваць тут пакуль не атрымліваецца, бо яшчэ па кантракце хаджу ў мора старшым механікам на гандлёвым судне, якое дастаўляе грузы. У свой час пасля школы я скончыў “мараходку” і застаўся жыць і працаваць у Латвіі. Паколькі гэта было пры Савецкім Саюзе, то і лічылася, што жыву ў суседняй рэспубліцы. Вядома ж, без праблем прыязджаў у БССР да родных-блізкіх. З цягам часу ўсё змянілася, як грамадзянін іншай краіны, каб наведаць родныя мясціны, я быў павінен афармляць турыстычную візу, якая каштавала нятанна – 90 еўра. Вядома ж, права на бязвізавы ўезд нашмат спросціла жыццё грамадзянам Літвы і Латвіі. Сярод маіх знаёмых таксама нямала людзей, якія ездзяць у Беларусь і да сваякоў, і па прадукты, і па паліва. Мае жонка і дачка не менш любяць тут бываць: у Раманавічах цудоўныя краявіды, прыгожае возера, лес, чыстае паветра. Сярод пакупак, якія яны абавязкова спяшаюцца набыць, – беларускія касметыка і адзенне. Асабліва любяць наведваць універмаг у Дзятлаве, бо там шмат якасных тавараў. Я звычайна, калі ад’язджаю ў Латвію, у якасці гасцінцаў вязу з сабой шакалад, цукеркі, каўбасу, бо беларускія прадукты смачныя і якасныя.

Цяпер у Раманавічах я добраўпарадкую бацькоўскі дом: раблю ў ім рамонт, хачу паставіць агароджу, пабудаваць на падворку гараж, бо старасць мару правесці, вярнуўшыся на малую радзіму.

Вельмі парадавала навіна, што “бязвіз” падоўжаны да канца года. Гэта значыць, мы разам з жонкай яшчэ раз зможам наведаць Беларусь па спрошчанай працэдуры ўезду. Спадзяёмся, што гэта практыка застанецца на “ўзбраенні” кіраўніцтва вашай дзяржавы і надалей. У Беларусі шмат цудоўных мясцін, у якіх можна пабываць, нават калі ты проста едзеш з турыстычнымі мэтамі. Я наведваў і мне вельмі спадабаліся Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча, Мірскі замак, іншыя гістарычныя мясціны. Ад такіх паездак звычайна застаюцца самыя найлепшыя ўражанні, бо беларусы заўсёды славіліся сваёй гасціннасцю, яны добра адносяцца да наведвальнікаў з іншых краін. У Беларусі выдатны Прэзідэнт, спадзяюся, краіна і надалей будзе развівацца і захавае свае лепшыя традыцыі.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: