Цепляцца свечкі, святочная ікона на аналоі патанае ў кветках, урачыста ўзносяцца малітвы і спевы.
Сонечнае святло прамянямі пранікае ў вокны храма, азараючы вернікаў…
Бог ёсць у сэрцы кожнага веруючага, але не ў кожнай вёсачцы ці аграгарадку сёння ёсць храм, і не кожны чалавек, па ўзросце або па здароўі, можа даехаць або дайсці да бліжэйшай царквы.
Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі айцец Іаан стаў ініцыятарам вялікай сустрэчы ў райвыканкаме. Ён звярнуўся да кіраўніцтва раёна, старшыняў сельвыканкамаў, кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў і сельскіх гаспадарак з прапановай-просьбай аб устаноўцы памятных праваслаўных знакаў у населеных пунктах Дзятлаўшчыны, дзе няма храмаў.
– Гэта будзе месца для любога хрысціяніна, дзе можна памаліцца, для святара – правесці для мясцовых жыхароў богаслужэнне, асвяціць, напрыклад, вярбу або пасхальныя кулічы і яйкі, – патлумачыў сваю ідэю святар.
Таксама айцец Іаан у гонар памяці Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Філарэта, прапанаваў закласці памятныя алеі на Дзятлаўшчыне.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што гэта добрыя ідэі, тым больш, што сёлета адзначаецца 1030-годдзе праваслаўя на беларускіх землях і 30-годдзе адраджэння Навагрудскай епархіі. Сімвалічны год, калі можна і варта ўстанавіць такія духоўныя элементы.
Першачаргова абазначылі месцам для рэалізацыі праекта аграгарадок Раклевічы, дзе спонсарскую дапамогу пагадзіўся аказаць сельскагаспадарчы філіял “АграМілк”. Аднак, што прыемна было чуць, у час сустрэчы згоду на ўстаноўку падобных знакаў далі і другія сельвыканкамы раёна. Да прыкладу, старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых вызначыла населеным пунктам, дзе з’явіцца праваслаўны знак, аграгарадок Таркачы, а вось алея ўвосень будзе закладзена каля храма ў Наваельні. Дапамагчы ў благой справе паабяцаў старшыня ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур.
Не застанецца ў баку ад арганізацыйнай і фінансавай падтрымкі і райвыканкам. Андрэй Садоўскі паабяцаў выдзеліць на набыццё будаўнічых матэрыялаў часткова грашовыя сродкі з заробленых дзятлаўчанамі на раённым суботніку, а таксама даў даручэнне свайму намесніку Дзмітрыю Баравіку, які курыруе сферу будаўніцтва, акумуляваць усе работы па распрацоўцы праекта памятнага знака, фарміраванне неабходнага дакументаабароту, вырашэнне праблемных пытанняў, калі яны ўзнікнуць.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga