Вольга Сядзельнік: “У сацыяльным жыцці павінен быць рух”

Важнае Грамадства

На базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшло пасяджэнне, на якім падвялі вынікі работы за 2021 год самой установы, а таксама ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённага выканаўчага камітэта, абмеркавалі сёлетнія задачы.

Акрамя кіраўніцтва, работнікаў упраўлення і цэнтра на справаздачным сходзе прысутнічалі намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык акцэнтавала ўвагу на той разнапланавай рабоце, якая праводзілася ў розных аддзяленнях установы.

Тэмы пенсійнага забеспячэння, атрымання дапамог па доглядзе інвалідаў і дзяцей, сямейнага капіталу закранула начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель. Яна адзначыла, што летась было больш зваротаў грамадзян па пытаннях налічэння пенсій, чым у 2020 годзе; пазначыла колькасць атрымальнікаў розных відаў дапамог, прынятых рашэнняў аб прызначэнні сямейнага капіталу і аб датэрміновым распараджэнні яго сродкамі.

Гаварылі на пасяджэнні, як забяспечвалася занятасць розных катэгорый грамадзян у мінулым годзе, ахарактарызавалі сітуацыю на рынку працы Дзятлаўшчыны, інфармацыйную работу. Таксама падрабязна спыніліся на выніках работы па пытаннях аплаты і аховы працы.

У час пасяджэння Ігар Кухарэвіч і Вольга Сядзельнік цікавіліся ў выступоўцаў, чым абумоўлена павелічэнне колькасці зваротаў грамадзян па пытаннях налічэння пенсій і што ўдакладнялі людзі, праз якія каналы камунікацыі распаўсюджвалася ўся актуальная для жыхароў інфармацыя, як ажыццяўлялася ўзаемадзеянне з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна па аказанні імі спонсарскай дапамогі і іншыя.

– На Дзятлаўшчыне жывуць і працуюць годныя людзі. За апошнія гады ў сацыяльнай сферы раён зрабіў значны крок наперад. Аднак не варта спыняцца на дасягнутым. У сацыяльным жыцці павінен быць пастаянны рух і развіццё. Хацелася б, каб у гэтай рабоце быў задзейнічаны ўвесь працоўны калектыў, і кожны спецыяліст дапамагаў свайму кіраўніку ў вырашэнні тых ці іншых прафесійных задач, – дадала Вольга Георгіеўна.

Вольга Сядзельнік і Ігар Кухарэвіч прааналізавалі работу ўпраўлення і цэнтра, адзначылі як станоўчыя, так і адмоўныя бакі, кожнаму па сваіх прафесійных напрамках паставілі задачы на 2022 год, далі даручэнне часцей падаваць заяўкі на ўдзел у розных міжнародных гуманітарных праектах, падзякавалі прысутным за іх нялёгкую, але такую неабходную і важную працу. Таксама, карыстаючыся выпадкам, Вольга Сядзельнік уручыла Ганаровую грамату камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама за плённую работу сацыяльнаму работніку Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Ганне Іода.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga