Тэмы завяршэння ўборкі збожжа, вакцынацыі ад каранавірусу, аховы таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў у сельгаспрадпрыемствах, падрыхтоўкі школ да пачатку навучальнага года гучалі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Да апошняга зярнятка
– Бягучы тыдзень, – заўважыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, – павінен стаць апошнім у аграрыяў раёна ва ўборцы збожжа. Тэхнічная гатоўнасць ва ўсіх гаспадарках адзначаецца як добрая, надвор’е спрыяе, таму замінкі быць не павінна.
З 15 па 28 жніўня – тэрмін для пасеву рапсу. У гэту работу, як удакладніў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка, уключыліся ўсе гаспадаркі, акрамя КСУПаў “Дварэц-Агра” і “Хвінявічы”. Андрэй Садоўскі даў заданне першаму намесніку трымаць сітуацыю па рапсе на кантролі, вызначыць кіраўнікам гаспадарак акцэнт на ўнясенні гліфасатаў у глебу і ворыве пад азімыя культуры, таксама звярнуць увагу на вядзенне жывёлагадоўлі ў Дварцы, неабгрунтаванае “тармажэнне” ва ўборцы лёну ў КСУП “Жукоўшчына”.
Хто што ахоўвае?
Рэйдавая група міліцыі зноў зафіксавала крадзяжы паліва, малака з сельгаспрадпрыемстваў раёна, паведаміў начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль. Таксама адбыліся крадзяжы з жылля, у асноўным металічных рэчаў.
Зламыснікі ўзламалі профіль дзятлаўчаніна ў адной з сацыяльных сетак і размясцілі ад яго імя кліч віртуальным сябрам аб дапамозе ў зборы сродкаў – наіўны грамадзянін знайшоўся, які пералічыў 80 рублёў на рахунак зламыснікаў. Узбуджана крымінальная справа.
Спытаў старшыня райвыканкама Аляксандра Францавіча, на якім этапе працэс запланаванай устаноўкі сістэм відэаназірання ў Дзятлаве. Асобна спыніліся на такім аб’екце, як стадыён “Колас”, дзе праходзіць шмат масавых мерапрыемстваў, і дадатковы кантроль грамадскага парадку, у тым ліку і тэхнічнымі сродкамі, тут неабходны. Начальнік АУС запэўніў, што работа вядзецца згодна з планам, усё будзе ўстаноўлена ў вызначаныя тэрміны.
Бяспека ў ацяпляльны перыяд
На гэтай тэме старшыня райвыканкама завастрыў увагу начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка. На сёння асвоена 49 % бюджэтных сродкаў, прадугледжаных на падрыхтоўку да ацяпляльнага перыяду для рамонту печаў і электраправодкі домаўладанняў дзятлаўчан, якія маюць права на дапамогу з боку дзяржавы.
Небяспечная сітуацыя склалася ў выхадныя ў вёсцы Заполле, бязладнасць стала цаною здароўя – апёкі твару атрымаў мясцовы жыхар, 2005 года нараджэння. Юнак распальваў печ прыватнай лазні бензінам.
Хутка навучальны год. Што новае ў раёне?
32 маладыя спецыялісты прыйшлі працаваць ва ўстановы адукацыі сёлета, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус. У гэтым годзе будзе арганізаваны падвоз 63 дашкольнікаў і 346 школьнікаў. У рэйс штодзённа будуць выходзіць 11 школьных аўтобусаў.
Сярод навін таксама рэарганізацыя Таркачоўскага дзіцячага сада-пачатковай школы ў дзіцячы сад і аб’яднанне Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з Цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі – з першага верасня пачне функцыянаваць новая аб’яднаная структура – Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Завершана падрыхтоўка ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года. Працягваюцца толькі рамонтныя работы за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ў сярэдняй школе № 3 райцэнтра і Казлоўшчынскай сярэдняй школе, прадугледжаны ўсе меры, каб гэта не перашкаджала вучэбнаму працэсу.
Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу на абавязковай, пры неабходнасці, устаноўцы “ляжачых паліцэйскіх” і пешаходных пераходаў на дарогах, прылеглых да ўстановаў адукацыі, пры чым не толькі гарадскіх, але і сельскіх.
Таксама Андрэй Уладзіміравіч звярнуўся з просьбай да ўсіх вадзіцеляў Дзятлаўшчыны не забываць, што хутка на дарогах пачнецца актыўны масавы рух дзяцей. Збаўце хуткасць, будзьце пільнымі!
Эпідэмія антывакцынатарства
На мінулым тыдні колькасць захварэўшых на COVID-19 у раёне крыху знізілася (з 53 да 35 новых выпадкаў). Аднак засмучаюць сёння не столькі лічбы захварэўшых, колькі супрацьстаянне вакцынацыі. Асабліва адзначыла галоўны санітарны доктар раёна Алена Шайбак, што няма разумення неабходнасці прафілактыкі COVID-19 у работнікаў гандлю, як райспажыўтаварыства, так і сеткі “Еўраопт”, пры тым, што 3 захварэўшыя мінулага тыдня – якраз супрацоўнікі адной з гэтых гандлёвых сетак.
– Тэма вакцынацыі насельніцтва ад каранавірусу яшчэ доўга будзе заставацца ключавой, таму перапынкаў у растлумачальнай рабоце на прадпрыемствах, у арганізацыях быць не можа, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
На мінулым тыдні Дзятлаўскім райЦГЭ праведзены праверкі арганізацыі прафілактычных санітарных мераў на 12 прадпрыемствах раёна, на 8 з іх адпаведны кірунак работы пакуль пакідае жадаць лепшага – кіраўнікам і адказным асобам выпісаны прадпісанні і рэкамендацыі.
Дадатковыя даручэнні
Інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя старшыня райвыканкама даў заданне правесці рэйды і разабрацца з адказнымі службамі і арганізацыямі, якія не выкошваюць небяспечныя расліны – сумнік і баршчэўнік Сасноўскага – яны квітнеюць уздоўж дарог па ўсім раёне. Таксама інспекцыі трымаць на кантролі падрыхтоўку дакументацыі па ачыстцы і акультурванні возера па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Жыллёва-камунальнай гаспадарцы рыхтавацца да асфальтавання вуліц Шасейнай і Азёрнай у Наваельні, трымаць на кантролі падрыхтоўку арганізацый да ацяпляльнага перыяду.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga