У межах рэалізацыі сацыяльнага праекта “Свет без межаў” удзельнікі грамадскай арганізацыі ветэранаў працы разам з клубам “ПознайКА” адправіліся ў падарожжа па Гродзенскай вобласці, наведалі дзесяць каталіцкіх храмаў, якія з’яўляюцца адначасова помнікамі архітэктуры.
У час паездкі мы пабывалі ў касцёле францысканцаў у Гальшанах, дзе нават папрысутнічалі на святой імшы, касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Ашмянах, пабачылі руіны былога замка Льва Сапегі, які цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі.
Маршрут узгаднялі з ксяндзом Віктарам, які некалі служыў у касцёле ў аграгарадку Раготна. Ён запрасіў групу заехаць у Варняны, дзе сам правёў экскурсію і расказаў пра касцёл Святога Георгія, на месцы якога некалі быў кінатэатр.
Пробашч дзятлаўскага касцёла Здзіслаў Пікула асабіста ўдзельнічаў у адраджэнні храма і вяртанні гістарычнага тытула капліцы Святой Філамены ў Вароне, якую таксама наведалі ўдзельнікі экскурсіі.
У вёсцы Быстрыца пабачылі касцёл Святога Крыжа – адзін з найстарэйшых на Астравеччыне. Непадалёку ад населенага пункта мы наведалі разам з ксяндзом Віктарам цудадзейную крыніцу, якая носіць імя Святога Іаана Хрысціценя, на шляху да якой пабачылі незвычайны камень, які называецца “След Багародзіцы”. Людзі, якія прыязджаюць у гэтыя мясціны, дакранаюцца да следу і загадваюць жаданне, якое, кажуць, павінна збыцца.
Пасля гэта наш маршрут скіраваўся ў аграгарадок Міхалішкі, дзе ў мясцовым касцёле служыць пробашчам родны брат Віктара – ксёндз Анатолій. Ён правёў экскурсію па касцёле Святога Міхаіла Архангела, які ўразіў нас прыгажосцю гіпсавай ляпніны ў італьянскім стылі.
Акрамя гэтага, мы наведалі Гервяты, дзе знаходзіцца, як кажуць мясцовыя жыхары, “маленькі Нотр-Дам-дэ-Пары” – касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Тое, што мы там убачылі, не перадаць словамі: быццам трапілі ў іншы свет, у казку.
На зваротным шляху не прамінулі касцёл Пятра і Паўла ў Іўі. Не пераставалі здзіўляцца, якія прыгожыя, незвычайныя і непаўторныя помнікі архітэктуры і духоўнасці ёсць на Гродзеншчыне.
Галіна КАСЦЮК,
загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga