Самы вялікі на Дзятлаўшчыне моладзевы сельскагаспадарчы атрад БРСМ у час уборачнай кампаніі працуе ў ААТ “Граніт-Агра”.

Збіраць у засекі ўраджай мясцовым аграрыям дапамагаюць 30 юнакоў і дзяўчат, большасць з якіх – студэнты.

– Да работы нашы маладыя памочнікі прыступілі 21 ліпеня і будуць уносіць пасільны ўклад у агульную справу гаспадаркі да 20 жніўня, – расказвае загадчыца склада аграгарадка Круцілавічы Вольга Нагорная. – Толькі ў нас на зернесушыльным комплексе КЗСВ-30 у дзве змены працуюць 12 студатрадаўцаў. Як мы паспелі ацаніць, гэта старанныя, адказныя, надзейныя памочнікі, нездарма наша сельгаспрадпрыемства на працягу многіх гадоў прымае на работу працоўныя моладзевыя атрады. Без іх спраўляцца ў час жніва было б намнога складаней. Моладзь падмятае і падшуфлёўвае збожжа, цяпер сушыць яравы ячмень, які жнуць на палетках гаспадаркі. За змену на комплекс паступае больш за 15 тон збожжа, таму расслабляцца студатрадаўцам няма калі. Але, здаецца, актыўны рытм работы іх толькі падбадзёрвае.

Увогуле, моладзі ў ААТ “Граніт-Агра” заўсёды рады, работа з ёю вядзецца мэтанакіравана. У Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе функцыянуюць аграрныя класы, гаспадарка выдае выпускнікам мэтавыя накіраванні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, ажыццяўляе даплаты да стыпендыі, аднак такія маладыя спецыялісты першыя пяць гадоў павінны адпрацаваць у “Граніт-Агра”. Маладыя людзі ахвотна вяртаюцца ў гаспадарку, атрымліваюць тут службовае жыллё.

Падобную магчымасць як варыянт для будучыні разглядае навучэнец Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Аляксандр Сявец, які сёлета перайшоў у 11 клас.

– У студатрадзе я ўпершыню, з аднакласнікам Раманам Лазовікам вырашылі выпрабаваць свае сілы ў час працоўнага семестра і нам падабаецца. Працуем з добрым настроем, бо побач шмат сяброў, ды і для арганізма фізічныя намаганні – някепская загартоўка. Не менш радуе, што мы робім свой, няхай і невялікі ўклад у “хлебную справу”. Заробак сёлета таксама атрымаю першы ў жыцці, патраціць яго мяркую на асабістыя патрэбы, – дзеліцца ўражаннямі хлопец.

А вось у трэцякурсніка Баранавіцкага машынабудаўнічага ліцэя Данііла Пасюка планы на фінансы больш грунтоўныя: грошы яму патрэбны, каб запісацца на вадзіцельскія курсы і атрымаць пасведчанне. Таму, адпачываючы ў гэтай мясцовасці ў бабулі юнак запісаўся ў студатрад. Данііл другі сезон працуе ў ААТ “Граніт-Агра” і сцвярджае, што тут заўсёды збіраецца дружная кампанія маладых памочнікаў. Разам яны цікава і актыўна праводзяць рабочыя будні. За плячыма хлопца ўжо некалькі спецыяльнасцяў: пасля заканчэння ліцэя ён можа працаваць аператарам камп’ютарнай графікі, слесарам механазборачных работ ці зваршчыкам, прычым менавіта апошнюю спецыяльнасць Данііл разглядае як больш верагодную для пачатку кар’еры. Сябрам юнак зычыць імкнуцца да пастаўленых мэтаў і дабівацца поспеху.

Побач актыўна шуфлюе зерне будучы эканаміст-маркетолаг, навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну новаяльнянка Ангеліна Цяцерына. Дзяўчына ў атрадзе ўпершыню і вельмі задаволена такім выбарам на лета.

– Працуем весела і цікава, заадно ёсць магчымасць зарабіць грошы, якія, я ўпэўнена, будуць вельмі дарэчы ў час вучобы, – зазначае яна і жадае ўсім сваім сябрам добрага настрою, здароўя і ўдачы.

Да цёплых пажаданняў далучаецца сяброўка па атрадзе Анжаліка Верамейка з Круцілавічаў, якая вучыцца на швачку-цырульніка ў Гродзенскім каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва і другое лета запар працуе ў ААТ “Граніт-Агра”.

– Свой леташні заробак я аддала маме, каб яна сабрала да школы малодшага брата, мне гэта было вельмі прыемна, – успамінае дзяўчына. – Сёлетнія грошы патрачу на сябе, бо збіраюся пайсці на вадзіцельскія курсы. Аднак галоўнае, што мяне прываблівае ў студатрадаўскім руху, нават не фінансавы бок, а дружны, зладжаны калектыў і пачэсная работа. Цяпер кожны з нас, калі будзе бачыць хлеб на стале, зможа сказаць, што некалькі зярняткаў у агульны каравай краіны дадаў сам.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации