Утульнасць і чысціня вакол: на вуліцах і ў дварах, у грамадскіх і месцах адпачынку – ствараюцца намі.
Аднак некаторыя грамадзяне лічаць, што межы сваёй тэрыторыі, дзе трэба прыбрацца, складаюць “ад кончыкаў пальцаў – да пяткі ўласнай нагі”. Між тым, летась прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб парадку вызначэння памеру тэрыторый для выканання работ па падтрыманні іх належнага санітарнага стану.
Растлумачэнні асноўных пунктаў дакумента дала галоўны доктар Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак:
– 22 ліпеня 2020 года Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прынята пастанова аб парадку вызначэння памеру тэрыторый для выканання работ па падтрыманні іх належнага санітарнага стану. На падставе яе прыняты адпаведныя рашэнні райвыканкама і сельвыканкамаў. Згодна з імі, у сілу ўступіў шэраг абавязацельстваў, якія неабходна выконваць. Так, домаўладальнікі павінны наводзіць парадак на ўласным зямельным участку ад яго мяжы (тэрыторыя, што знаходзiцца ў карыстанні) да тратуара. У выпадку адсутнасці апошняга – да праезнай часткі вуліцы або дарогі. Па астатніх баках прыдамавой тэрыторыі – не больш за 10 метраў або паловы адлегласці разрыву да суседняга ўчастка. На плошчах, якiя прадастаўлены юрыдычным і фізічным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам для абслугоўвання, будаўніцтва або эксплуатацыі гаражоў, а таксама аўтамабільных стаянак, межы вызначаюцца ў памеры не больш за 5 метраў па перыметры ўчастка. А для тэрыторый, на якіх знаходзяцца аўтазаправачныя станцыі і аўтамыечныя пункты, шынамантажныя майстэрні і станцыі тэхнічнага абслугоўвання, – у памеры ад 15 да 100 метраў ад зямельных участкаў, уключаючы пад’езды і паркоўкі да аб’ектаў. Для ўчасткаў, дзе размяшчаюцца нежылыя будынкі і прамысловыя аб’екты ўздоўж праезнай часткі, межы вызначаюцца ад занятай плошчы да тратуара (у выпадку адсутнасці – да праезнай часткі вуліцы або дарогі).
Па астатніх баках зямельных участкаў бярэцца ў разлік палова адлегласці разрыву да суседняга ўчастка, але не больш за 30 метраў. А ў выпадку, калі зямельны ўчастак мяжуе з землямі сельскагаспадарчага, прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культурнага прызначэння, ляснога фонду – да мяжы такіх зямель, але не больш за 5 метраў ад мяжы зямельнага ўчастка.
У пералік абавязковых работ па падтрыманні належнага санітарнага стану тэрыторый уваходзяць ачыстка і ўборка – па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз на тыдзень.
Сезонны догляд газонаў (абкошванне, выдаленне адходаў) і іншых зялёных насаджэнняў праводзіцца з мая па верасень, не радзей за адзін раз у месяц. Узімку вядзецца расчыстка тэрыторый ад снегу і наледзі, апрацоўка процігалалёднымі сродкамі. Ва ўмовах снегападаў, завірух і галалёдзіцы рэкамендуецца праводзіць дадзеныя мерапрыемствы не радзей за адзін раз у суткі. Акрамя таго, у чысціні неабходна ўтрымліваць і водаадводныя сістэмы адкрытага тыпу (канавы, кюветы), а таксама ажыццяўляць збор, раздзяленне па відах і вываз камунальных адходаў згодна са схемай. Дарэчы, за сістэматычнае невыкананне санітарных мерапрыемстваў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Кантроль за станам тэрыторый ажыццяўляецца штотыднёва прадстаўнікамі санітарных, прыродаахоўных, землеўпарадкавальных і іншых зацікаўленых службаў. Застаецца нагадаць, што навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый – гэта добрая нагода зрабіць сваю малую радзіму яшчэ больш утульнай для сябе і будучых пакаленняў.
Ірына КАМАРОВА