Кожны з гарадоў Беларусі мае свае адметнасці, сваю непаўторную атмасферу.
Наша Дзятлава, напрыклад, гараджане і госці характарызуюць, як невялікі, зялёны, утульны гарадок, дзе амаль усё знаходзіцца ў крокавай даступнасці, а гістарычны цэнтр вельмі нагадвае Траецкае прадмесце сталіцы.
Мяркую, канец мая – найбольш спрыяльны час для любавання гарадскімі краявідамі. Вабіць вока сакавітая зеляніна садоў і паркавых зонаў, на вуліцах лунае салодкі пах бэзу, у шатах дрэў залівіста спяваюць птушкі. І хочацца спыніць гэтыя вясновыя імгненні надоўга, хаця б з дапамогай фотакамеры, каб пасля была магчымасць не раз палюбавацца прыгажосцю роднага куточка.
На гарадскіх вуліцах цікава было пагутарыць з дзятлаўчанамі, даведацца ў іх, якія мясціны горада ім найбольш даспадобы, што яшчэ яны хацелі б пабачыць у Дзятлаве.
Таміла Крышаловіч, пенсіянерка:
– Люблю свой горад. Я – дзіця вайны. Калі пачалася Вялікая Айчынная, мне споўнілася толькі тры з паловай гады, але перажытае ў той час памятаю вельмі ярка: забітых чырвонаармейцаў, немцаў, якія зайшлі ў хату… Таму з асаблівай пашанай адношуся да гарадскіх помнікаў загінулым абаронцам Айчыны і ахвярам вайны. Падабаюцца помнік Героям Савецкага Саюза Паўлу Пятрову і Яну Фогелю ў гарадскім парку, мемарыял “Дзеці ліхалецця” на дзятлаўскіх могілках.
Калі казаць пра мікрараёны, то найбольш мілы сэрцу той, дзе жыву – мікрараён вуліц Перамогі і Клары Цэткін, ён зялёны і ўтульны. А вось што хацела б пабачыць, дык гэта новыя дарожкі ў дварах і добраўпарадкаванне нашага мікрараёна.
Марына Лукіянец, работніца культуры:
– У Дзятлаве мне падабаецца мікрараён вуліц Янкі Купалы і Прытыцкага. Там размешчаны дамы сядзібнага тыпу, дзе дбайныя гаспадары вырошчваюць шмат розных кветак – у сезон ёсць на што палюбавацца ў час прагулак. А вось каля цэнтральнай аптэкі мой позірк заўсёды прыцягваюць прыгожыя дрэўцы. Райская яблынька, якая тут пасаджана, увесну радуе прахожых пышнай ружовай квеценню.
Хочацца бачыць у Дзятлаве пабольш кветак, дэкаратыўных дрэваў і кустоў, каб горад вабіў нас фарбамі, дарыў пазітыўны настрой. А яшчэ вельмі хацелася б, каб у райцэнтры з’явіўся фантан, які стане месцам рамантычных сустрэч для моладзі, прыемнага адпачынку ў спёку для сем’яў з дзеткамі і проста прыгожай фотазонай – яшчэ адной адметнасцю Дзятлава.
Здзіслаў Пікула, ксёндз:
– Мне даспадобы ўвесь горад. Я люблю Дзятлава: і краявіды, і людзей, і асабліва – дзетак, моладзь, іх добрыя сэрцы. Кожную імшу мы молімся ў касцёле, каб Пан Бог вызваліў наш горад, і ўсе іншыя гарады ад хваробы каранавірусу. Каб людзі змаглі і надалей любавацца прыгажосцю, радавацца вясне, дыхаць чыстым паветрам.
Галіна Касцюк, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа:
– Мой любімы мікрараён у Дзятлаве – набярэжная рэчкі каля кінатэатра “Спадарожнік” і помніка Іосіфу Філідовічу. Тут ёсць лавачкі і шмат зеляніны, таму прыемна адпачываць у вольны час ад мітусні. Не раз з валанцёрамі Чырвонага Крыжа і моладдзю мы наводзілі тут парадак. Даглядаць родны горад заўсёды прыемна, бо робіш гэта для знаёмых і блізкіх людзей, каб яны радаваліся прыгажосці.
Падабаецца і гарадскі парк, асабліва возера і выгнутыя масткі. Каля іх любяць адпачываць дзікія качкі, а мы ходзім туды з унукамі пакарміць іх, паназіраць за прыродай, сфатаграфавацца.
Заўважыла, што апошнім часам у Дзятлаве саджаюць туі. Мне падабаюцца гэтыя дрэвы, яны нагадваюць кіпарысы, якімі я калісьці любавалася ў Батумі, дзе давялося адпачываць. Хочацца, каб туі хутчэй падраслі і зрабілі наш райцэнтр яшчэ больш вабным.
Ганна Пінчук і Дар’я Барысюк, студэнткі-сяброўкі:
– Мы вельмі любім Дзятлава, таму з задавальненнем вяртаемся сюды адпачываць на канікулы. Асабліва падабаюцца зялёныя і спакойныя гарадскія ўскраіны. На плошчы 17 Верасня вельмі прыгожа вечарам, калі запальваюцца ліхтары, нездарма тут любіць збірацца і бавіць час гарадская моладзь. У цэнтры амаль заўсёды можна сустрэць сяброў і знаёмых. А вось, калі хочацца цішыні і яднання з прыродай, можна прагуляцца па набярэжнай азёраў у раёне гарадской бальніцы. Тут шмат зеляніны, плаваюць качкі, пяюць птушкі.
Лічым, што ўсё, што хочацца бачыць, у Дзятлаве ёсць: прыгожыя гарадскія краявіды, магазіны, установы, паркі. Гэта – родны куток, і мы любім яго такім.
Сяргей Луня, дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ:
– За апошнія гады наш горад Дзятлава набыў свой шарм і непаўторнасць, гэта адзначаюць многія госці.
Мы стараемся, каб і надалей ён станавіўся ўсё больш прывабным. Праўда, у кожнага свой густ. Напрыклад, цяпер на гарадскіх азёрах у мікрараёне бальніцы цвітуць водныя ліліі, ствараючы непаўторную прыродную прыгажосць. Некаторыя гараджане лічаць, што азёры трэба пачысціць. Аднак тады ліліі загінуць. Мы прывыклі да рукатворнай прыгажосці, але ёсць і жывая, ёю таксама многія любуюцца.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup