Праца працай, а абед па раскладзе

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Першы летні месяц пачынае радаваць нас доўгачаканым цяплом.

У той жа час для працаўнікоў сельскай гаспадаркі “гарачая” пара працягваецца, актыўна ідзе нарыхтоўка кармоў. Каб работнікі гаспадаркі працавалі з поўнай самааддачай і прыкладалі максімум намаганняў да выканання сваіх абавязкаў, яны павінны сытна і правільна харчавацца.

У КСУП “Жукоўшчына” пра гэта клапоцяцца тры гасцінныя “гаспадыні” мясцовай сталовай: загадчыца Юлія Памбухчан, кухар Людміла Буткевіч і Наталля Цюкавіна, якая не толькі падтрымлівае чысціню на кухні, але і дапамагае сваім калегам у падрыхтоўцы страў.

Як расказала Юлія Міхайлаўна, працаўнікоў гаспадаркі яны кормяць два разы на дзень: у абед і падвячорак. У работнікаў сталовай таксама, як і ў іншых, працоўныя будні працягваюцца з раніцы і да самага вечара. Кожны дзень у абед яны кормяць каля 40-45 чалавек, падвячорак атрымліваюць – 15-20 работнікаў. Разам з харчаваннем у сталовай арганізавана дастаўка ежы і на палі. Сёння ў сталовай накармілі 24 чалавекі, на полі – 20. Частавалі людзей наварыстым гарохавым супам, духмяным чаем і смачным пловам. На падвячорак да асноўнай стравы з чаем падаюць батон, пячэнне ці пернікі. Заўсёды імкнуцца, каб рацыён быў разнастайным, кожны дзень гатуюць што-небудзь новае. Харчаванне работнікаў арганізавана амаль круглы год, акрамя месяцаў «халоднай» пары. Варта адзначыць, што ў склад шматлікіх страў уваходзіць агародніна, якая вырашчана на палях КСУП “Жукоўшчына”: цыбуля, морква, сталовыя буракі і бульба.

У час трапезы ў сталовай палявод Вераніка Аўцынава падзялілася сваімі ўражаннямі:

– Сёння, як і заўсёды, усё было вельмі смачным, з новымі сіламі і аптымізмам гатова далей працаваць. У сталовай заўсёды вельмі чыста, ежа прыгатавана толькі са свежых прадуктаў, ёсць усё неабходнае для правядзення гігіенічных працэдур, вакол адчуваецца хатняя атмасфера, якую ствараюць душэўныя адносіны і клопат нашых гасцінных кухараў. Асаблівую падзяку хочацца выказаць загадчыцы нашай сталовай Юліі Памбухчан за яе дабрыню, ветлівасць і, вядома ж, сытныя абеды і падвячоркі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ