З 28 красавіка па 6 мая Офіс па правах людзей з інваліднасцю чацвёрты раз арганізуе Тыдзень даступнасці — цыкл мерапрыемстваў, прысвечаны тэме разбурэння любых бар’ераў, якія перашкаджаюць людзям з інваліднасцю жыць паўнавартасным жыццём.
У гэтым годзе адкрытыя дыскусіі, круглыя сталы, сустрэчы з экспертамі, тэматычныя кінапаказы, выставы і лекцыі пройдуць у Мінску, Брэсце, Гомелі, Гродне, Бабруйску, Наваполацку, Валожыне і Полацку.
Даступнасць — гэта магчымасць карыстацца юрыдычнымі і сацыяльнымі правамі, здольнасць выбіраць і браць на сябе абавязацельствы. Усе мерапрыемствы аб’яднаны агульнай мэтай — стварэннем умоваў да забеспячэння роўнасці правоў усіх членаў нашага грамадства. Гэта спроба звярнуць увагу на праблему даступнасці для людзей з інваліднасцю, змяніць яе ўспрыманне і разуменне, а таксама матываваць акружаючых на далейшыя дзеянні — так раскрываюць паняцце даступнасці спецыялісты Офіса па правах людзей з інваліднасцю.
Сярод ключавых мерапрыемстваў гэтага года — публічная прэзентацыя Нулявой справаздачы аб стане правоў людзей з інваліднасцю, прэзентацыя першай у краіне дапамогі па ўніверсальным дызайне, а таксама форум даступнасці, які адбудзецца 6 мая. Акрамя таго, на працягу ўсяго тыдня людзі з праблемамі інваліднасці змогуць атрымаць кансультацыі беларускіх адвакатаў бясплатна.
Форум даступнасці — адкрытая пляцоўка для прэзентацыі лепшых праектаў, накіраваных на рашэнне праблемаў даступнага асяроддзя. Арганізатары ўпэўнены, што для таго, каб рабіць свет зручнейшым, а грамадства — больш талерантным, зусім не абавязкова працаваць у спецыялізаванай арганізацыі. Кожны неабыякавы да праблемы даступнасці можа стаць удзельнікам або госцем гэтага важнага мерапрыемства.
Мерапрыемствы Тыдня даступнасці дазволяць большай колькасці людзей задумацца аб пытаннях даступнасці асяроддзя, а таксама даведацца пра існаванне Канвенцыі аб правах інвалідаў і яе асноўных прынцыпах. Гэта асабліва актуальна, бо ў канцы 2015 года Беларусь падпісала гэты міжнародны дакумент і робіць першыя крокі да яго ратыфікацыі.
Т. ЖАРНАСЕК