У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў з падарункамі і віншаваннямі наведаўся старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі.
Таксама павіншаваць вялікую сям’ю прыйшлі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус і галоўны спецыяліст аддзела Алена Чайкоўская.
Аляксандр Леанідавіч і Марына Генадзьеўна ветліва сустрэлі гасцей, у прадчуванні прыемных сюрпрызаў радавалася іх прыходу дзятва.
– Сёння мы, дарослыя, прыйшлі падарыць вам прыемныя хвіліны свята і ўручыць падарункі, набытыя за сродкі раённага бюджэту, – звярнуўся да насельнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу Андрэй Садоўскі. – Гэта тэнісны стол і кошык садавіны. Мяркую, за гульнёй у тэніс вам будзе прыемна бавіць час разам. Магчыма, калі-небудзь мы дачакаемся ад вас новых спартыўных рэкордаў.
Вам, Марына Генадзьеўна і Аляксандр Леанідавіч, я дзякую за выхаванне дзетак, якім вы аддаяце не толькі фізічныя сілы, але і частачку сваёй душы. Жадаю моцнага здароўя, цярпення, удачы і няхай вашы дзеці ўвасабляюць у жыццё вашы мары.
Да віншаванняў кіраўніка раёна далучыліся Наталля Белаус і Алена Чайкоўская.
За цёплую сустрэчу гасцям падзякаваў гаспадар:
– Ад нашай сям’і таксама прыміце віншаванні са святамі. Няхай Гасподзь дапамагае вам у рабоце і ў вашых дамах пануюць мір і згода. Ваша падтрымка заўсёды вельмі дарэчы для нашай сям’і. Дзякуем за цудоўны падарунак.
Дзеці таксама хорам падзякавалі гасцям і з задавальненнем пабеглі аглядаць тэнісны стол.
Напрыканцы ўсе разам сфатаграфаваліся каля сямейнай ёлкі ва ўпрыгожаным да святаў пакоі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup