У госці да казкі

Важнае Культура і адпачынак

Навагодняя атмасфера сустракае гасцей Гезгалаўскага дома культуры ўжо з парога.

У фае ўстановы арганізавана святочная выстава “Зіма ў падарунках” і фотазона. У навагоднюю казку акунае і другі паверх: там працуе яшчэ адна фотазона, упрыгожаная дзясяткамі тэматычных сувеніраў. Галоўныя героі выставы ‒ сімвалы Новага года: бычкі на любы густ, памер і колер.

‒ Над экспазіцыяй працавалі ўсім калектывам аддзела рамёстваў, ‒ расказала Вольга Барабан, метадыст сектара рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Гезгалаўскага дома культуры, ‒ менавіта таму яна атрымалася такой разнастайнай і цікавай. Кожны майстар уклаў у лялькі нешта сваё, ствараў іх з творчым падыходам. Натхненне на новыя сувеніры знаходзім у тэматычных святах і ў інтэрнэце. Часта бывае так, што за аснову бярэцца нейкае фота, а потым, ужо ў ходзе дэталёвай працы, лялька “абрастае” ўсё большай колькасцю дэталяў, якія робяць яе не падобнай на арыгінальнае фота. Ёлка тут таксама асаблівая, кожная з цацак на ёй ‒ ручной работы. Для ўпрыгожвання ў ход пайшло ўсё, што было пад рукой: тканіна, кардон, каляровыя стужкі, галінкі і шышкі.

Не забыліся майстры і пра вокны, кожнае з якіх упрыгожвае тэматычная кампазіцыя пад назвай “Казка на акне”. Вольга Мікалаеўна расказала, што хутка ў Гезгалаўскім доме культуры для дзяцей плануецца адкрыць новы гурток па выразанні выцінанак:

‒ Гурткоў у нас некалькі, а таленавітай моладзі, якая прыходзіць на заняткі, яшчэ больш. Так, напрыклад, Дар’я Лашкоўская, актыўная ўдзельніца амаль усіх нашых гурткоў, нядаўна выйграла ў конкурсе на лепшы плакат, набраўшы 530 галасоў. Спадзяюся, што гэта будзе не апошняй перамогай як самой Дар’і, так і ўсіх выхаванцаў дома рамёстваў.

Марыя ПАПОВА