Цікавы субяседнік. “Беларусь. Моладзь. Натхненне”

Важнае Грамадства

На працягу тыдня доўжыўся маршрут рэспубліканскага моладзевага цягніка “Беларусь. Моладзь. Натхненне”, пасажырамі якога сталі 90 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў нашай краіны.

Дзятлаўшчыну на праекце прадстаўляла настаўніца Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Марына Нячай. Цікава было даведацца ў нашай зямлячкі аб уражаннях, якія пакінула вандроўка.

– Уражанні цудоўныя, – дзеліцца Марына. – Наша падарожжа пачалося з Віцебска, а скончылася ў Мінску, куды ўдзельнікі праекта даставілі палотнішча “Беларусь помніць!” з імёнамі Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, створанае да 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Вандруючы па ўсіх рэгіёнах рэспублікі, мы разгортвалі палотнішча ў мемарыяльных комплексах “Буйніцкае поле”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Ола”, “Вызваліцелям Пінска”, каля воінскіх пахаванняў у Гродне і Маладзечне. А ў сталіцы разгарнулі яго каля стэлы “Мінск – горад-герой”, затым перадалі ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Марына, раскажыце аб праекце падрабязней. Якое значэнне ён меў для моладзі?

– Праект быў ініцыяваны Міністэрствам адукацыі, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Беларускай чыгункай. Маршрут цягніка праходзіў праз Віцебск, Шклоў, Магілёў, Гомель, Пінск, Брэст, Гродна, Маладзечна, Мінск. У кожным абласным цэнтры для нас ладзіўся дыялог з адміністрацыяй. Галоўнай ідэяй праекта было сабраць разам абсалютна розных маладых людзей, пры гэтым паказаць, што наша моладзь адзіная ў адносінах да гераічнага мінулага сваёй краіны, прымае актыўны ўдзел у многіх працэсах, якія адбываюцца сёння, гатова ўносіць свае прапановы, дзяліцца ідэямі, а таксама яна ўпэўнена глядзіць у будучыню.

Для юнакоў і дзяўчат вандроўка стала выдатнай магчымасцю заявіць пра сябе, набыць карысны вопыт, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, займець сяброў у розных абласцях нашай краіны.

Калі мы спыняліся ў чарговым горадзе, з яго адметнасцямі нас знаёмілі экскурсаводы, але было здорава пачуць шмат цікавага ад саміх удзельнікаў вандроўкі, паколькі сярод пасажыраў цягніка была моладзь з розных абласцей Беларусі. Я зарэгістравалася ў Інстаграме, кожны дзень выкладвала новыя фота з подпісамі. Ведаю, што за маршрутам сачылі мае вучні. 1 верасня абавязкова падрабязней раскажу ім, дзе пабыла, што пабачыла.

– Што вас найбольш уразіла ў час вандроўкі?

– Раней я ніколі не была на знакамітым фестывалі “Славянскі базар” у Віцебску, але даўно марыла трапіць на яго. Мары збываюцца! Пасажыраў моладзевага цягніка запрасілі на адкрыццё фестывалю і праграму “Музыка старога кіно”.

Не менш уразіла Брэсцкая крэпасць, дзе адкрылася новая экспазіцыя. Асабліва запомніўся экспанат – баявы сцяг. Яго, каб не здаць ворагу, закапалі абаронцы крэпасці. Пасля вайны сцяг знайшлі, цяпер ён займае пачэснае месца ў музеі. Жахліва было глядзець на сцены абарончых збудаванняў: у цаглінах і да гэтага часу засталіся кулі. Яны – маўклівыя сведкі смяротных баёў, якія тут праходзілі.

Кранула сэрца сустрэча ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Маладзечна, дзе мы правялі акцыю “Рабі дабро”: падарылі дзеткам цацкі і спартыўны інвентар.

– Якія тэмы абмяркоўваліся ў час адкрытых дыялогаў з моладдзю?

– Самыя актуальныя: прывабнасці Беларусі для турыстаў, служба юнакоў у арміі, экалогія, здаровы лад жыцця. Мяне, напрыклад, больш цікавіла пытанне замацавання маладых спецыялістаў у рэгіёнах, сацыяльныя льготы і гарантыі для іх. Спадабаўся брыфінг са СМІ на Піншчыне, дзе ёсць свая тэлерадыёкампанія. Уразіла, якія актыўныя і творчыя маладыя журналісты там працуюць, як яны любяць сваю прафесію, стараюцца “расці” ў ёй.

У час адкрытага дыялога “Беларусь учора, сёння, заўтра” ў моладзі пацікавіліся меркаваннямі па розных пытаннях. Дэлегацыя Гродзеншчыны падзялілася сваімі думкамі наконт таго, які ўплыў маладое пакаленне можа аказаць на фарміраванне здаровага ладу жыцця. Сышліся ў меркаванні, што здаровыя паводзіны пачынаюцца з сям’і, таму лепшы лозунг па праблеме: “Мама, тата, я – здаровая сям’я”.

– Марына, чым асабіста для вас была карысная вандроўка?

– За час падарожжа я пераканалася, наколькі беларусы гасцінныя людзі, якая ў нас прыгожая краіна, і як я яе люблю. У моладзевым цягніку сустрэла аднадумцаў, даведалася іх погляды на падзеі, што адбываюцца ў краіне, змагла выказаць сваё меркаванне. Мяне натхняла цёплая сяброўская атмасфера падарожжа і новыя ўражанні. Я ўпэўнілася, што ў беларускай моладзі ёсць магчымасці прымаць удзел у жыцці краіны, быць неабыякавай да яе гісторыі і будучыні.

Прыемна, что мы атрымалі яшчэ адно цікавае запрашэнне. Літаральна праз некалькі дзён – 31 ліпеня-1 жніўня пасажыры нашага цягніка адправяцца на моладзевы турзлёт “Алімпія”. Наша зборная каманда прыме ўдзел у спаборніцтвах.

– Чаго пажадаеце беларускай моладзі?

– Беларускім юнакам і дзяўчатам жадаю быць актыўнымі, творчымі, ініцыятыўнымі, не баяцца ўносіць свае прапановы і паляпшаць наша жыццё. Жадаю пастаянна развівацца, займацца любімай справай, скіраванай на карысць нашай краіны, жыць і працаваць ў мірнай, шчаслівай Беларусі.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: