Гісторыя гаспадаркі пачала пісацца з 6 верасня 1948 года, калі быў створаны калгас “Імя Леніна”, першым старшынёй якога стаў Іосіф Шапель.

У 1952 годзе калгас быў перайменаваны ў “Запаветы Леніна”, а ў 1978 годзе яго ўзначаліў Уладзімір Адамчык. З 2003 года гаспадарка была рэарганізавана ў сельскагаспадарчы вытворчы каператыў  “Войневічы”. З 2005 года старшынёй гаспадаркі стаў Васіль Маліка.

У 2009 годзе сельгасарганізацыя “Войневічы” аб’яднала ў сабе дзве гаспадаркі СВК “Горка-Агра” і СВК “Войневічы”.

З гэтай пары пачаў пісацца сумесны летапіс гісторыі дзвюх сельгасарганізацый, якія з пачатку свайго існавання неаднаразова павялічваліся і развіваліся.

Сёння КСУП “Войневічы” гаспадарыць на  6026 гектарах зямлі: яго сельгасугоддзі, займаюць пад ворыва 4225 гектараў.

На тэрыторыі КСУП “Войневічы” размяшчаюцца 15 населеных пунктаў, для абслугоўвання патрэбаў работнікаў гаспадаркі і мясцовага насельніцтва дзейнічаюць чатыры ФАПы, два аддзяленні сувязі, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, працуюць тры магазіны. Работнікі сельгасарганізацыі  жывуць у добраўпарадкаваных дамах і кватэрах. Усяго ў гаспадарцы з улікам дзяржпадтрымкі з 1996 года пабудавана 49 жылых дамоў сядзібнага тыпу. У апошнія гады работнікі гаспадаркі актыўна займаюцца навядзеннем парадку на зямлі: убіраюць нежылыя дамы, культывіруюць зарослыя бур’яном тэрыторыі і ўводзяць “адваяваную зямлю” ў севазварот. За  некалькі гадоў да ворыўных зямель сельгасарганізацыі далучана 907 гектараў.

Спецыялізуецца  гаспадарка на жывёлагадоўлі, мяса-малочнай вытворчасці, а таксама на раслінаводстве: вырошчванні зерневых, ільну, рапсу, цукровых буракоў, кармавых культур.

Земляробчая прадукцыя – збожжа, рапс, цукровыя буракі – пераважна выкарыстоўваюцца на фураж і тэхнічную перапрацоўку.

Найбольшая ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур была атрымана ў 2015 годзе, у гаспадарцы сабралі 8648 тон зерня, ураджайнасць склала 40 цэнтнераў з гектара. Парадавала ў 2017 годзе ўраджайнасць цукровых буракоў, якая склала 460 цэнтнераў з гектара.

З 2015 года КСУП “Войневічы” ўзначальвае Сяргей Францішчык.

– Гаспадарка мае дастойную гісторыю, таму я ўзначаліў яе з разуменнем таго, што неабходна гэты ўзровень трымаць. Якой бы сучаснай ні была тэхніка на жывёлагадоўчых фермах, канчатковы вынік працы ўсё роўна залежыць ад чалавека, ад яго адказнасці і працавітасці, – дзеліцца разважаннямі дырэктар.

На працоўным шляху Сяргея Аркадзьевіча – дваццаць чатыры гады штодзённых зямельных клопатаў, чатырнаццаць з якіх – на пасадзе кіраўніка сельгасарганізацый. Ён чалавек прагматычны, разважлівы, канкрэтны: адчуваецца плён шматгадовай працы. На пасадзе кіраўніка сельгасарганізацыі КСУП “Войневічы” працуе трэці год запар. Галоўным у працы лічыць правільна яе арганізаваную працу, імкнецца сканцэнтраваць намаганні людзей на якасці выканання рабочых працэсаў, накіраваць іх у патрэбнае рэчышча.

– Вельмі важна, каб да работы ляжала душа. У нашых спецыялістаў ёсць жаданне працаваць – і гэта галоўнае! – дзеліцца Сяргей Аркадзьевіч. –  Прыемна ўсведамляць, што ў нас сфарміраваўся кваліфікаваны і адказны калектыў. Людзі працуюць ініцыятыўна, з’яднана, адказна. Паказчыкі, якіх штодзень дабіваемся ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, – гэта вынік работы ўсяго калектыву: спецыялістаў, механізатараў, вадзіцеляў, даярак, жывёлаводаў. Прыбытак, які гаспадарка атрымлівае ад рэалізацыі малака і мяса, – таксама агульная заслуга.

Калектыў КСУП “Войневічы” пастаянна папаўняецца новымі маладымі кадрамі. Моладзь, дзякуючы падтрымцы спецыялістаў і работнікаў са стажам, з лёгкасцю адаптуецца да новых умоваў.

Для іх, маладых і энергічных, тут ёсць перспектыва: забеспячэнне добраўпарадкаваным жыллём, дастойная зарплата.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

 

Следующая новость

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации