Калектыў пракуратуры Дзятлаўскага раёна невялікі і згуртаваны, яго ядро складаюць тры аператыўныя работнікі, калі суміраваць іх агульны стаж у юрыспрудэнцыі – гэта больш за 70 гадоў.

Напярэдадні прафесійнага свята яны расказалі пра жыццёвы выбар і адметнасці службы.

Віталій Юрго, пракурор:

– У органы пракуратуры прыйшоў у 2015 годзе, да гэтага быў практыкуючым юрыстам на прадпрыемстве і ў банкаўскім сектары, разам з вучобай мой стаж у юрыспрудэнцыі складае 27 гадоў. За плячыма – Мінскі інстытут кіравання і правазнаўства, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працаваць у праваахоўных органах марыў з юнацтва, аднак лёс спачатку прывёў у грамадзянскую прафесію. Тым не менш, будучы юрыстам, даводзілася цесна ўзаемадзейнічаць з органамі пракуратуры. Мае здольнасці заўважылі, і пракурор Карэліцкага раёна прапанаваў вакансію – мара збылася. Здаў кваліфікацыйны экзамен, паўгода адпрацаваў стажорам, быў памочнікам пракурора Карэліцкага раёна, старшым памочнікам пракурора Навагрудскага раёна. У верасні 2020 года прыехаў намеснікам пракурора на Дзятлаўшчыну, а са снежня 2022-га заступіў на кіруючую пасаду. Як адзначаюць сябры і блізкія, за час работы ў органах пракуратуры мой характар змяніўся карэнным чынам: я стаў больш стрыманы, дысцыплінаваны, строга сачу за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у гэтым імкнуся падаваць прыклад іншым.

Прыемна, што для Дзятлаўскай пракуратуры гэты працоўны год адметны як юбілейнай датай – 80-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, так і поспехамі ў іншых сферах дзейнасці. Мы прадаўжаем расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, пошукавую, інфармацыйную работу. У раёне назіраецца зніжэнне агульнай злачыннасці. Спакойна прайшла выбарчая кампанія, у час якой сачылі за выкананнем заканадаўства і недапушчэннем экстрэмісцкіх праяваў. За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, ініцыятыву, асабісты ўклад ва ўмацаванне законнасці і па выніках 2024 года я адзначаны граматай пракурора Гродзенскай вобласці. Упэўнены, што ўзнагарода з’яўляецца агульнай заслугай нашага калектыву.

Калегам і ветэранам пракуратуры – на Дзятлаўшчыне гэта Ванда Ванчук, якая больш за 50 гадоў адпрацавала ў канцылярыі, жадаю моцнага здароўя, даўгалецця, сямейнага дабрабыту і мірнага неба над галавой.

Сяргей Аляшкевіч, намеснік пракурора:

– Стаць юрыстам вырашыў яшчэ ў школьныя гады, і сярод галоўных прычын такога выбару было імкненне дапамагаць людзям, абараняць іх правы і законныя інтарэсы. У 2009-м скончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і быў размеркаваны ў суд Навагрудскага раёна на пасаду судовага выканаўцы. У 2012 годзе прыняты на работу памочнікам пракурора Навагрудскага раёна, там жа працаваў на пасадзе старшага памочніка, а са снежня 2022-га прызначаны намеснікам пракурора Дзятлаўскага раёна. Мой стаж работы – 16 гадоў. Лічу, што прынцыповасць і патрабавальнасць пры выкананні службовых абавязкаў – гэта аснова дзейнасці супрацоўнікаў пракуратуры. Мая работа шматпланавая: праверкі выканання заканадаўчых актаў іншымі органамі і суб’ектамі гаспадарання, наглядная дзейнасць. Аднак і сярод службовых абавязкаў работнік пракуратуры не павінен забываць пра чалавечнасць, заўжды трэба прымаць узважаныя, аргументаваныя і справядлівыя рашэнні, строга прытрымлівацца закона. Калегам і ветэранам службы жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і плённай работы.

Ірына Забеліна, памочнік пракурора:

– З выбарам будучай прафесіі вызначылася ў сёмым класе. Заўважыўшы мае моўныя здольнасці і кемлівасць, такую параду даў дзядзька – пракурорскі работнік. На шляху да мэты пераадолела шмат выпрабаванняў, паступіла з трэцяй спробы, нягледзячы на атэстат з адзнакай. На той час у пракуратуру не вельмі хацелі браць дзяўчат, каб падаць дакументы, увогуле неабходны быў двухгадовы стаж па рабочай прафесіі і накіраванне. У 1986 годзе нарэшце стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На стажыроўку пасля вучобы вярнулася ў родны Мастоўскі раён, дзе цёпла сустрэлі калегі, аднак месца было часовым. У 1992 годзе выйшла асноўная работніца, а я паехала працаваць на Дзятлаўшчыну і ўжо 33 гады ў саставе калектыву пракуратуры раёна. Работа няпростая, патрабуе сабранасці, адказнасці, але і цікавая: кожны дзень прыносіць новыя задачы. З вопытам прыйшло разуменне, што трэба лягчэй адносіцца да непрыемнасцяў і паваротаў лёсу, бо яны, як і ўсё добрае, часовыя. Аб сваім жыццёвым выбары ні разу не пашкадавала, ад работы ніколі не стамляюся, стомленасць бывае толькі ад негатыўнага стаўлення людзей. Жадаю і сваім калегам працаваць упэўнена і мэтанакіравана, да выканання любых задач прыступаць з халоднай галавой і гарачым сэрцам, шчасця вам і ўсяго найлепшага.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации