Афіцыйны адлік сваёй гісторыі пракуратура Беларусі бярэ з 26 чэрвеня 1922 года, калі трэцяя сесія Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта нашай маладой савецкай рэспублікі прыняла Палажэнне аб пракурорскім наглядзе і ўстанавіла ў саставе Народнага камісарыята юстыцыі Дзяржаўную пракуратуру. Гэты ж дзень, 26 чэрвеня, вызначаны Днём работнікаў пракуратуры паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года.
– У 2007 годзе ў нашай краіне быў прыняты новы Закон “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, які, увасобіўшы лепшыя традыцыі ўсяго гістарычнага развіцця беларускай пракуратуры, вызначыў ролю і прынцып яе функцыянавання ў сучасным дзяржаўным механізме, характар і асноўныя напрамкі дзейнасці, – расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго. – Каардынуючая роля ў барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй падкрэслівае яе асаблівы прававы статус. Пракуратура найперш праваабарончы, а не каральны орган, і адной з асноўных задач з’яўляецца абарона правоў і свабод грамадзян.

Пракуратура прыкладае актыўныя намаганні па выпрацоўцы і рэалізацыі комплексных сумесных мер як з боку праваахоўных структур, так і іншых органаў выканаўчай і заканадаўчай улады, іншых сацыяльных інстытутаў для замацавання тэндэнцыі скарачэння ўзроўню злачыннасці, яе прафілактыкі, недапушчэння незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, забеспячэння няўхільнасці пакарання за ўчыненыя злачынствы.
– Віталій Станіслававіч, якім для калектыву выдаўся мінулы працоўны год?
– У 2025 годзе і сёлета пракуратура раёна сумесна з праваахоўнымі органамі прымае меры, скіраваныя на ўмацаванне законнасці і правапарадку ў раёне, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, узмацненне барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй. Крымінагенная абстаноўка ў цэлым застаецца стабільнай і кантралюемай. Як і летась, на тэрыторыі Дзятлаўшчыны назіраецца павелічэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў па лініі супрацьдзеяння кіберзлачыннасці.
Асноўнай умовай, якая спрыяе злачынствам гэтай катэгорыі, з’яўляецца даверлівасць грамадзян і недастатковая іх дасведчанасць аб правілах бяспекі пры ажыццяўленні фінансавых аперацый, няведанне злачынных схемаў, якія выкарыстоўваюцца махлярамі.
– Якія кірункі ў рабоце лічыце аднымі з галоўных на сёння, чаму?
– Адным з асноўных кірункаў дзейнасці органаў пракуратуры з’яўляецца работа са зваротамі, дзякуючы якой пракуроры аператыўна ўхіляюць парушэнні права і свабоды грамадзян, суб’ектаў гаспадарання і арганізацый.
Пракурорскімі работнікамі актыўна праводзяцца асабістыя прыёмы грамадзян. За мінулы год і пачатак гэтага прыняты 34 наведвальнікі, у тым ліку па месцы жыхарства, работы, і тыя, хто адбывае пакаранне, – 11 чалавек.
Для выканання ўскладзеных на пракуратуру задач па ўмацаванні законнасці і правапарадку дзяржава надзяліла пракурораў шырокімі правамі і паўнамоцтвамі. Адсюль і патрабаванні да пракурорскага асяроддзя – на службу ў органы пракуратуры прымаюць толькі грамадзян Рэспублікі Беларусь з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, якія валодаюць неабходнымі прафесійнымі і маральнымі якасцямі. Сумленнасць, прынцыповасць і прафесіяналізм – неад’емнае патрабаванне да кожнага работніка органаў пракуратуры.
Важна адзначыць, што забеспячэнне верхавенства закона і правапарадку з’яўляецца задачай не толькі органаў пракуратуры, а прама залежыць ад сумленнасці і правамерных паводзінаў кожнага жыхара нашай краіны, яго імкнення будаваць справядлівае грамадства і жыць у прававой дзяржаве.
Пракурорскія работнікі на працягу доўгага часу дастойна служаць Айчыне. Упэўнены, што яны і работнікі органаў пракуратуры і надалей будуць берагчы і памнажаць свае прафесійныя традыцыі, сумленна і аддана служыць нашай дзяржаве, яе народу, праяўляць высокую адказнасць і самааддачу, удасканальваючы прафесійныя навыкі.
Выказваю асаблівае прызнанне ўсім ветэранам, якія шмат гадоў верай і праўдай служылі на карысць Радзімы.
Напярэдадні прафесійнага свята віншую калектыў, нашых ветэранаў, жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, цярпення і спакою, мірнай стваральнай працы на карысць Беларусі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае