Ясным ліпеньскім днём, шчодрым на сонейка і цеплыню, па ваколіцах вёскі Мядзвінавічы разліваліся вясёлыя мелодыі віншавальных песень.

Усе яны 21 ліпеня гучалі для мясцовай юбіляркі Валянціны Белавус, працавітай, добрай жанчыны, якая сустрэла свой соты дзень нараджэння.

100-гадовы юбілей – цэлая эпоха, а для невялікай вёсачкі – адметная падзея, якая сабрала каля хаты імянінніцы самых родных, блізкіх, любімых людзей. Зноў галасамі ўнукаў-праўнукаў напоўнілася наваколле і ад гасцей было цесна і весела на “апранутым” у зеляніну і кветкі падворку. Яго сярод іншых вясковых можна было пазнаць па прыпаркаваных аўтамабілях і “гронцы” паветраных шароў з віншаваннем для Валянціны Гаўрылаўны.

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, што рэалізуецца ў нашым раёне сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, “жывую музычную паштоўку” 100-гадовай юбілярцы прывезлі артысты Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Іван Кашко, таксама з самымі шчырымі і цёплымі словамі пажаданняў да іх далучыліся старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка і старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар. Імянінніцы зычылі светлых дзён, моцнага здароўя, дабрабыту і душэўнага спакою, клопату блізкіх людзей і “пабіць” сусветны рэкорд доўгажыхарства.

Валянціна Гаўрылаўна з задавальненнем прымала віншаванні і кветкі, яна не магла надоўга ўседзець на месцы нават для фотасесіі, бо і ў свае 100 захавала рухавасць і ясны розум, а таму заўзята падпявала артыстам, якія выконвалі хіты мінулых гадоў і не забывалася цікавіцца ў блізкіх і знаёмых, ці падабаецца ім на яе свяце. Вось такая гасцінная, уважлівая, мудрая і шчодрая на дабрыню Валянціна Белавус, а таму кожны, хто віншаваў яе ў юбілейны дзень нараджэння, адчуваў радасць у сэрцы.

Сама ж яна пражыла нялёгкае, багатае на выпрабаванні і горкія весткі жыццё. Валянціна (па бацьках Андура) нарадзілася тут, у Мядзвінавічах, пятым дзіцем у сялянскай сям’і. Калі дзяўчынцы споўніўся гадок, заўчасна памёр бацька. Матулі было цяжка ставіць на ногі дзяцей, жылі ў бядноце, з малых гадоў шмат працавалі. Малодшая Валечка – пасвіла жывёлу. Тым не менш, яна паспела скончыць некалькі класаў мясцовай польскай школы, затым у вясковай партніхі вывучылася карыснаму рамяству і сама пачала браць заказы.

Замуж Валя выйшла рана, яшчэ да вайны, за мясцовага хлопца Фёдара, якога затым на 3 гады прызвалі ў войка польскае. Як толькі малады муж вярнуўся дахаты, яго зноў забралі ў армію – цяпер у Чырвоную. Ішла Вялікая Айчынная вайна, таму навабранцаў адвезлі ва ўкраінскі Аўруч, што ў Жытомірскай вобласці, дзе наш зямляк трапіў у састаў ІІ Беларускага фронту. У Кёнінгзбергу ён быў цяжка паранены: перабіла абедзве рукі і нагу, яшчэ адзін асколак трапіў у галаву. Выжыць пашчасціла толькі таму, што міма праязджаў савецкі афіцэр, які пашкадаваў акрываўленага салдата, адвёз на вакзал, адтуль Фёдара даставілі ў Куйбышаўскі шпіталь, дзе яму зрабілі 3 аперацыі, затым накіравалі на лячэнне бліжэй да Радзімы – у Вільнюс. Праз некаторы час Фёдар Міхайлавіч з дзвюма падвязанымі рукамі вярнуўся ў родныя Мядзвінавічы да сваёй Валі. “Ці прымеш такога?”, – спытаў у жонкі на парозе, – “А як жа не прыняць”, – адказала са слязамі і павяла ў хату.

Сама Валянціна таксама нагаравалася ў роднай вёсцы за часы акупацыі. У адзін з дзён непадалёку ўзарваўся снарад, ад якога згарэла вясковая школа, асколкам забіла яе роднага брата, а з хаты “скінула” страху. Другая бяда спасцігла вёску, калі яе па камандзе фашыстаў пакідалі ўкраінцы. Хто яны былі, вяскоўцы дакладна не ведаюць, проста – нямецкія прыслужнікі, якія, адступаючы, падпальвалі мясцовыя хаты.

Паступова наладжвалася пасляваеннае жыццё: у Фёдара Міхайлавіча загавіліся франтавыя раны, ён прызвычайваўся працаваць па гаспадарцы, ветэрана цанілі ў калгасе, нават назначылі брыгадзірам. Валянціна Гаўрылаўна працавала ў паляводстве, падрасталі сын Фёдар і дачка Марыя. Нягледзячы на цяжкасці, Белавусы змаглі даць дзецям вышэйшую адукацыю. Марыя да пенсіі працавала эканамістам, Фёдар – інжынерам. Іх бацька-франтавік, які яшчэ быў і інвалідам вайны І групы, памёр рана – у 62 гады. Валянціна Гаўрылаўна, якая не ўяўляла свайго жыцця без працы, яшчэ 20 гадоў сама трымала карову.

– Наша мама па жыцці вельмі працавітая, яна і нам не дазваляе доўга сядзець без справы, – зазначае дачка стогадовай юбіляркі Марыя Ягоўдзік. – Упэўнена, што гэта і ёсць сакрэт яе даўгалецця. Яна і цяпер ні адной травінцы не дае вырасці на ўчастку, сама поле грады, а калі ходзім на могілкі – стараецца навесці парадак і на тых пахаваннях, за якімі няма каму даглядаць. У цёплы сезон мы з ёю жывём у Мядзвінавічах, а восенню ад’язджаем у Гродна.

Збірацца разам на вёсцы ў бабулі Валянціны любяць яе двое унукаў, пяцёра праўнукаў і прапраўнучка. Праўда, цяпер гэта не так часта атрымліваецца ў вялікай сям’і, тым не менш, на юбілей – пастараліся.

З вышыні свайго векавога вопыту Валянціна Гаўрылаўна жадае маладому пакаленню пабольш працаваць, быць дабрэйшымі да людзей, каб на зямлі захоўваўся мір, а ў небе ярка свяціла сонейка, як гэта выдалася ў дзень яе асабістага свята. Спадзяёмся, імянінніца яшчэ надоўга застанецца мудрым дарадчыкам і цэнтрам прыцягнення для сваёй вялікай сям’і.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации