Прыём грамадзян на Дварэцкім ільнозаводзе

Галоўнае Улада

18 кастрычніка на ААТ “Дварэцкі льнозавод” прыём грамадзян правялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.

На прыём з асабістымі пытаннямі звярнуліся дзве работніцы прадпрыемства.

Юрый Караеў расказаў аб вырашэнні праблем грамадзян і падвёў вынікі прыёму:

– Сёння быў арганізаваны мэтавы прыём для супрацоўнікаў “Дварэцкага льнозавода”, да нас звярнуліся дзве грамадзянкі. Адна з іх – па пытанні арганізацыі падвозу яе ўнука і яшчэ 10 дзяцей, якія выказалі жаданне вучыцца не тэрытарыяльна, а ў гімназіі № 1 горада Дзятлава па той прычыне, што там ёсць паглыбленае вывучэнне прадметаў, якія паўплываюць на будучую прафесію навучэнцаў. Пытанне вырашылася станоўча, не выклікаўшы ніякіх дадатковых матэрыяльных выдаткаў. Для гэтага дастаткова было прыняць рашэнне і ўзаконіць азначаны маршрут заканадаўча. Другое пытанне, чакана, тычылася жыллёва-камунальнай гаспадаркі, калі ў межах забудоваў, якія даўно існуюць, грамадзяне захацелі палепшыць свае бытавыя ўмовы: наладзіць водазабеспячэнне і водаадвядзенне. Грамадзянка атрымала тлумачэнні, як гэта зрабіць правільна і законна: праз стварэнне кааператыва дольшчыкаў. Згодна з указам кіраўніка дзяржавы, такія працэдуры ініцыятыўна рэалізуюцца і фінансуюцца самімі грамадзянамі, аднак дзяржаўныя органы могуць, жадаюць і, як правіла, аказваюць дапамогу, часткова ўскладваючы на сябе фінансавыя і арганізацыйныя выдаткі і клопаты, не пакідаюць людзей сам-насам з іх праблемай.

Разам з тым, Юрый Хаджымуратавіч адзначыў, што жыхары Гродзенскай вобласці – адны з самых самастойных у краіне:

– На абласную прамую лінію, на  прыём да старшыні аблвыканкама і яго намеснікаў, у Адміністрацыю Прэзідэнта, органы пракуратуры, дзяржкантролю ад гродзенцаў паступае менш зваротаў, чым ад жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі. Гэта аб’ектыўны паказчык. Згодна са статыстыкай, па ўсіх напрамках ідзе памяншэнне зваротаў грамадзян, што гаворыць аб грунтоўнай рабоце органаў улады і дружалюбных адносінах чыноўнікаў выканаўчай вертыкалі да людзей. Тых, хто “не забранзавеў”, не аддаліўся, не адарваўся ад зямлі.

Анатоль Дарожка адзначыў, што прыёмы грамадзян з выездам на месцы – адна з пастаянных формаў работы органаў дзяржаўнага кантролю:

– Новая эфектыўная форма работы з насельніцтвам, калі прыём вядуць прадстаўнік Прэзідэнта ў вобласці і старшыня абласнога Камітэта дзяржкантролю. Гэта дае магчымасць грамадзянам атрымаць больш аб’ектыўныя, прафесійныя, комплексныя адказы на хвалюючыя іх пытанні. Мы можам эфектыўна пракантраляваць выкананне абяцанняў, дадзеных мясцовай уладай на пытанні, з якімі звяртаюцца грамадзяне. Заўважу, што на працягу двух апошніх гадоў назіраецца істотнае зніжэнне колькасці зваротаў грамадзян у органы дзяржаўнага кантролю па ўсіх рэгіёнах, у тым ліку і Дзятлаўскім раёне. Найчасцей звароты тычацца не сістэмных пытанняў, а асабістых праблем грамадзян, якія або вырашаюцца адразу або атрымліваюць тлумачэнне, як грамадзянам самім вырашыць сітуацыю.

Па завяршэнні прыёму з удзелам гасцей у актавай зале прадпрыемства прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Тэму сацыяльнай бяспекі, яе асноўных прынцыпаў і прыярытэтаў раскрыў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. Ён расказаў аб тым, як шмат зроблена ў сацыяльнай сферы Дзятлаўшчыны і што плануецца рэалізаваць у бліжэйшы час.

– Стабільная, эфектыўная работа эканомікі нашага раёна дае штуршок развіццю сацыяльнай сферы, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. –  І мая галоўная задача як старшыні райвыканкама – зрабіць усё магчымае, каб кожнаму дзятлаўчаніну камфортна жылося на сваёй малой радзіме, каб пытанні вырашаліся своечасова і эфектыўна.

Анатоль Дарожка і Юрый Караеў дапоўнілі тэму прыкладамі са сваёй практыкі. У час сустрэчы таксама абмяркоўваліся пытанні папярэджання траўматызму на вытворчасці, прафілактыкі кіберзлачыннасці, неасцярожнага курэння і выкарыстання ацяпляльных прыбораў.

Сустрэча прадоўжылася экскурсіяй па вытворчых цэхах “Дварэцкага льнозавода”, якую для гасцей правёў дырэктар прадпрыемства Аляксей Зелянуха. У час яе ішла размова пра ўмовы працы, створаныя на заводзе, кадравую палітыку і рынкі збыту, якія не абмяжоўваюцца беларускімі прадпрыемствамі. Аляксей Рыгоравіч заўважыў, што сёння льновалакно не толькі пастаўляецца на РУПТП “Аршанскі льнокамбінат” і ААТ “Гранітэкс”, але і паспяхова экспартуецца ў Кітайскую Народную Рэспубліку па заключаных дагаворах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga