ГрадусПлюс. Прышчэпка “панарошку”

Важнае Грамадства

У прадаўжэнне медыцынскай тэмы хочацца падзяліцца апошнімі рэспубліканскімі навінамі.

Упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі распачало шэраг крымінальных справаў, якія тычацца нямэтавага выкарыстання вакцыны для прышчэпак. На жаль, у пераліку фігурантаў і Дзятлаўскі раён.

Калі тлумачыць сітуацыю неафіцыйнай мовай, ампулы з вакцынай, прызначанай для бясплатных прышчэпак, атрымалі на рукі і не паставілі ўкол, хаця па дакументах яны былі выкарыстаны.

У нашым маленькім раёне ўсе ведаюць адзін аднаго, кожны некаму сват, кум ці брат. Медыкі – таксама людзі, на якіх такія горазнаёмыя час ад часу спрабуюць уздзейнічаць.

– Давайце запішам для статыстыкі, што прышчэпку мне зрабілі, а ампулу выкінем… – кожны раз, калі вы просіце некага з іх аб такой “паслузе”, памятайце, што гэтым вы падводзіце чалавека пад крымінальны артыкул.

Не варта забываць, што мэта вакцынацыі – зберагчы ваша здароўе ад цяжкіх наступстваў захворванняў і іх ускладненняў, а не закрыць план медыцынскім установам. Прышчапляцца ад грыпу, каранавірусу або не – вырашаеце вы самі і толькі вы! Нездарма ж існуе народнае выслоўе: ваша здароўе – у вашых руках.

І няхай цёплая восень не ўводзіць вас у зман: сезон вірусаў не проста блізка, ён ужо на парозе. Пакуль я пісала гэты тэкст, атрымала паведамленне ад сяброўкі з Масквы, якая нядаўна другі раз захварэла на COVID-19, пераносіць захворванне цяжка і шкадуе, што не паспела сваечасова прышчапіцца. Расказвае, што хварэюць там многія. А, як вядома, што ў суседзяў сёння, тое заўтра можна чакаць і нам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga