У трэцюю нядзелю верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі лесу.
Напярэдадні адметнай даты дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко расказаў аб рабоце і перспектывах арганізацыі:
– Ужо больш за год мы працуем у няпростых умовах санкцыйнай палітыкі. Галоўнай задачай у гэты час было захаваць працоўны калектыў, лічу, мы з ёй добра справіліся. Больш за тое, мы павялічылі аб’ёмы перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі. У параўнанні з 2022 годам перапрацавалі 131 % драўніны, выпусцілі 136 % піламатэрыялаў, рэалізавалі іх на суму 4 мільёны 415 тысяч рублёў (142 % да мінулага года). З усёй прадукцыі львіная доля была адгружана на экспарт. Лічбы кажуць пра тое, што мы не сядзелі склаўшы рукі, шукалі новыя рынкі збыту. Дзякуючы экспарцёру “Беллесэкспарт” наладзілі рынкі збыту ў сяброўскіх краінах.
– Якія напрамкі дзейнасці ў прыярытэце?
– Па-ранейшаму адным з самых важных напрамкаў дзейнасці лясгаса з’яўляецца аднаўленне лесу. Кожны год у сваіх парніках мы вырошчваем больш за 1 мільён сеянцаў і саджанцаў, імкнёмся да таго, каб на 100 % забяспечыць сябе пасадачным матэрыялам. Пакуль якаснымі сеянцамі з закрытай карнявой сістэмай нам дапамагае селекцыйны цэнтр. Асаблівы акцэнт робім на вырошчванне бярозы. З 1 чэрвеня на базе лясгаса працуе лесакультурны ўчастак – 4 чалавекі пад кіраўніцтвам майстра, якія займаюцца доглядам лесу, маюць для гэтага транспарт і неабходныя механізмы. Акрамя таго, новы напрамак у доглядзе лесу – прамалінейнасць радоў пры падрыхтоўцы глебы да пасадкі. Таксама ў лясгасе ўстаноўлена і паспяхова працуе сістэма ранняга выяўлення лясных пажараў “Лясны страж”. Дзякуючы работнікам лясной аховы і рабоце сістэмы мы ў сёлетняе сухое лета дапусцілі толькі два пажары на плошчы 0,2 гектара.
– Якія абнаўленні адбыліся ў Дзятлаўскім лясгасе?
– Для прамысловага сектара мы набылі дрывакольнае абсталяванне: пастаўляем Дзятлаўскаму філіялу прадпрыемства “Гроднааблпаліва” колатыя дровы, запатрабаваныя ў мясцовага насельніцтва. Таксама ў Наваельні набылі сваю станцыю адгрузкі, правялі там рамонт, затраціўшы на гэта 1,5 мільёна рублёў: аднавілі чыгунку, што дазволіла адмовіцца ад дзвюх арэндных пляцовак, абсталявалі станцыю страховачнай сістэмай. Такая мадэрнізацыя дазволіць стварыць ніжні склад, дзе будзе захоўвацца драўніна на выпадак адгрузкі, а не працаваць “з колаў”. Гэта сур’ёзная перспектыва для арганізацыі, бо аб’ёмы адгрузкі круглага лесу не змяншаюцца.
– Раскажыце пра ўзаемадзеянне з арганізацыямі і насельніцтвам раёна.
– Вясной мы правялі лесааднаўленчыя работы на плошчы 274 гектары, свой уклад у гэту справу зрабіла і мясцовае насельніцтва Дзятлаўскага раёна. У час “Тыдня лесу” дзятлаўчане на чале з кіраўніцтвам раёна падтрымалі гэта добрае пачынанне. Выдатна папрацавалі школы, атрымаўшы магчымасць зарабіць грошы на свае гаспадарчыя патрэбы.
– Ці займаецеся нарыхтоўкай пабочнай лясной прадукцыі?
– Так, сёлета мы асвоілі нарыхтоўку жывіцы: навучылі людзей, закупілі спецыяльнае абсталяванне. Здалі ўжо больш за 3,5 тоны на Барысаўскае ААТ “Лесахімік”. Таксама, як і кожны год, нарыхтоўваем і рэалізуем бярозавы сок, мёд (у сярэднім на адну пчоласям’ю 21,6 кілаграма), венікі і мётлы.
– Як абнаўляецца калектыў?
– Прыемна, што побач з вопытнымі лесаводамі ў нашы рады ўстаюць маладыя спецыялісты. У гэтым годзе, напрыклад, прыбылі 5 маладых інжынераў лясной гаспадаркі. Пераважна гэта вясковыя хлопцы, якія ведаюць і любяць сваю справу, разумеюць усе яе нюансы і складанасці. Таму моладзь добра замацоўваецца на сваіх першых працоўных месцах. Мы прадастаўляем ці аплачваем ім жыллё, аказваем фінансавую падтрымку. Калі казаць пра калектыў, то ўвесь яго касцяк застаўся, сёння Дзятлаўскі лясгас – адна вялікая сям’я, дзе ўсе любяць лясную гаспадарку і гатовы падтрымліваць адзін аднаго.
Наталля АВЯРЧУК