Інфатурнэ. Дзятлаўшчына становіцца бліжэйшай

Важнае Культура і адпачынак

Як пазнаёміць адпачывальнікаў філіяла санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца” з турыстычнымі аб’ектамі і маршрутамі Дзятлаўшчыны і тым самым зрабіць іх знаходжанне ў курортна-аздараўленчай установе яшчэ больш запамінальным і насычаным, абмеркавалі на сустрэчы з кіраўніцтвам філіяла.

З галоўным доктарам санаторыя Леанідам Карпішэвічам прапановамі падзяліліся галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка і дырэктар раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка. Да размовы далучыліся супрацоўнікі філіяла – загадчык аддзела культурна-масавай і выхаваўчай работы Захар Раманаў і начальнік аддзела па бухгалтарскім уліку і справаздачнасці Ганна Дзмітрэнка.

Госці прарэкламавалі маршруты “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, водна-пешаходны “Ад Цара да самавара” і веламаршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Былі абмеркаваны розныя аспекты супрацоўніцтва, пры гэтым акцэнты зроблены на варыятыўны падыход пры фарміраванні запытаў, калі адпачывальнікі самі могуць выбіраць, якія мясціны ім хочацца наведаць і які аб’ём турыстычных паслугаў атрымаць. Агучаны таксама варыянты турыстычных экскурсій для юных адпачывальнікаў дзіцячага аддзялення “Баравічок”.

У санаторый “Радон” была перададзена паліграфічная і відэапрадукцыя – плакаты, флаеры, лістоўкі для размяшчэння на стэндах, у холах і фае ўстановы, для распаўсюджвання сярод адпачывальнікаў, якія будуць праяўляць цікавасць да турыстычных вандровак па дзятлаўскай зямлі.

Леанід Карпішэвіч паабяцаў, што відэаролікі аб цікавінках нашага раёна і анонсы маршрутаў будуць размешчаны і на афіцыйным сайце санаторыя “Радон”, а таксама заключыў:

– Большасць нашых адпачывальнікаў прыязджаюць здалёк, безумоўна, іх цікавяць дзятлаўскія мясціны, іх аўтэнтычнасць і славутасці.

Зразумела, што супрацоўніцтву – быць, а гэта значыць, турызм на Дзятлаўшчыне стане яшчэ больш дасціпным, запатрабаваным, маштабным. Плануецца, што першыя экскурсіі адбудуцца ўжо на наступным тыдні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: