Летняя пара любімая ў дзяцей, а вось для дарослых – адказная, паколькі ў непаўналетніх з’яўляецца шмат вольнага часу, які яны могуць бавіць не заўсёды з карысцю.
Летась і з пачатку гэтага года ў вобласці па розных прычынах загінула 11 дзяцей. Няшчасных выпадкаў магло б не здарыцца, каб дарослыя былі больш абачлівымі. Напрыклад, усе трое непаўналетніх, якія патанулі, купаліся ў забароненых месцах, а бацькі іх вольны час не кантралявалі. На чыгунцы з-за наезду лакаматыва была смяротна траўмавана 13-гадовая мінчанка, якая на вачах у бабулі спрабавала перабегчы праз пуці ў нявызначаным для гэтага месцы. Некалькі гадоў таму ў адным з раёнаў Гродзеншчыны двухгадовае дзіця папіло з бутэлечкі, як аказалася, у даступным месцы дарослыя пакінулі атруту для мурашак – выратаваць малое не ўдалося.
Зарэгістраваны неадзінкавыя факты атрымання дзецьмі сур’ёзных траўмаў з-за выпадзення з вокнаў шматпавярховак. Апошні выпадак адбыўся ў Ашмянскім раёне, дзе чатырохгадовы хлопчык выпаў з чацвёртага паверха, на шчасце, абышлося без сур’ёзных траўмаў. Маці непаўналетняга ў гэты момант займалася хатнімі справамі ў суседнім пакоі.
Маленькія дзеці часта атрымліваюць апёкі ў выніку перакульвання на сябе ёмістасцяў з гарачай вадкасцю, ва ўсіх выпадках відавочна віна бацькоў, якія не паклапаціліся пра іх бяспеку. Здараюцца траўмы і ў час актыўнага адпачынку: летась больш чым 100 непаўналетнім аказана дапамога медыкаў у сувязі з траўмаваннем на батутах, атракцыёнах, гульнявым надзіманым абсталяванні, у тым ліку на падворках прыватных дамоў і ў хатніх умовах.
Галоўная задача органаў пракуратуры – скаардынаваць работу службаў і ўстановаў, каб выключыць любыя фактары, што пагражаюць бяспецы дзяцей. Пракуроры трымаюць гэтыя пытанні на асаблівым кантролі і на сістэмнай аснове праводзяць праверачныя мерапрыемствы, скіраваныя на прафілактыку дзіцячага траўматызму. У летні перыяд у зоне асаблівай увагі аздараўленчыя летнікі, месцы масавага адпачынку дзяцей, гульнявыя пляцоўкі, атракцыёны, нежылыя будынкі, вадаёмы.
Аднак садзейнічання чакаем і з боку бацькоў, іншых дарослых, дзядуляў і бабуляў, якія часта клапоцяцца пра дзяцей на канікулах.
Дома, на вуліцы, у лесе, у парку, на вадаёме перш за ўсё бацькі адказваюць за сваё дзіця. Гэта тычыцца як бяспекі, так і таго, дзе і з кім непаўналетнія праводзяць свой вольны час, як паводзяць сябе ў грамадскіх месцах, ці не парушаюць устаноўленыя законам забароны і нормы маралі.
Віталій ЮРГО,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Фота з адкрытых крыніц
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga