Будзь здаровы, як вада, расці, як вярба!

Важнае Грамадства

У Год гістарычнай памяці ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адкрыты новы кірунак дзейнасці “Роднае-народнае” па вывучэнні беларускіх абрадаў, фальклору, рамёстваў, промыслаў.

Дзятлаўчане даведаюцца аб земляках з глыбінкі, якія беражліва захоўваюць атрыманыя ад старэйшых веды і ўменні. Пачаць знаёмства было прапанавана з “экспедыцыі” па традыцыях хрысціянскага свята Вербная Нядзеля. Паколькі на Дзятлаўшчыне жывуць і каталікі, і праваслаўныя, то пытанні аб падрыхтоўцы “букетаў” з вербных галінак, іх асвячэнні і выкарыстанні задавалі прадстаўнікам дзвюх гэтых канфесій.

Марына Груша з вёскі Горка (каталічка):

– Звычайна нарыхтоўваецца няцотная колькасць галінак, да іх прымацоўваецца доўгая штучная кветка, звязваецца каляровай нітачкай або стужкай. Калі штучных кветак не было, вяскоўцы выкарыстоўвалі для ўпрыгажэння хатнія расліны ці абыходзіліся яркімі ніткамі. Упрыгожаныя вярбінкі асвячалі, а калі прыходзілі з храма, злёгку білі імі сямейнікаў, прыгаворваючы: “Ад року да року – вярбою па боку, каб здаровыя былі, добра вучыліся, дарослых паважалі, Вялікдзень прычакалі, за багаты стол сядалі”. Затым іх змяшчалі за абразы да наступнага года. Лічылася, што яны берагуць дом ад пажару, прыносяць дабрабыт у сям’ю. За некалькі дзён да новай Вербнай Нядзелі старыя галінкі спальвалі, бо гэта святое, выкідаць іх нельга. Мая бабуля такі попел збірала, казала, што ім трэба наносіць крыжык паміж рагоў каровы, калі яна целіцца, каб ацёл быў лёгкім.

Ніна Антончык з вёскі Чарлёнка (праваслаўная):

– Для асвячэння звязваюцца 3-5 галінак вярбы, да якіх прымацоўваюцца штучныя кветкі. У нас, перш, чым паставіць прынесеныя з храма галінкі за абраз, імі дакранаюцца да ўсіх прысутных, прыгаворваючы: “Будзь здаровы, як вада, вясёлы, як пчала, багаты, як зямля!”. Асвечаныя галінкі выкарыстоўвалі ў важных бытавых справах, напрыклад, імі ўвесну выганялі на пашу кароў, каб жывёлы ў статку “не калоліся”, на людзей не нападалі. Некаторыя вяскоўцы ламалі вярбінкі на кавалачкі, засаджвалі ў зямлю на полі і агародзе, каб быў багаты ўраджай. Перад наступным святам мінулагоднія вярбінкі спальвалі.

Клаўдзія Якаўчык з вёскі Горка (праваслаўная):

– Нарыхтоўвалі вярбу загадзя, каб да свята яна “выпусціла” лісточкі. Бралі няцотную колькасць, але каб хапіла паставіць за абразок у кожны пакой. “Вербны букет” звязвалі прадзенымі пафарбаванымі ніткамі, цяпер упрыгожваюць яшчэ і кветкамі. Калі вярталіся з асвечанымі вярбінкамі, трэба было махнуць імі ў кожны куток, каб усё ў доме было добра, дакрануцца да родных са словамі: “Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень – Вялікдзень”, пажадаць здароўя і дабрабыту на цэлы год. Старыя людзі вучылі, што першы раз карову на пашу трэба гнаць асвечанай вярбой, каб жывёла здаровай у поле ішла, здаровай вярталася, больш малака давала. Каляровую шарсцяную нітку з асвечанага букета прывязвалі на хворае месца, верылі, што дапамагае, кавалачкі асвечанай вярбы маглі заварваць з чаем, даваць піць хвораму. У савецкі час, калі была забарона на царкоўныя абрады, жыхары нашай вёскі дагаворваліся са святаром зацемна асвяціць вербы ці яйкі на Вялікдзень, каб вярнуцца дахаты незаўважанымі. Калі такой магчымасці не было, маліліся дома, каб Гасподзь сам усё асвяціў. Праз год старыя галінкі вярбы спальвалі, попел высыпалі на “чыстае месца” – пад дрэва ці ў кветнік, дзе не ходзяць нагамі, не кідаюць смецце.

Лідзія Груша з вёскі Сцяткоўшчына (праваслаўная):

– У нашай сям’і заўсёды святкавалі два святы, бо нябожчык муж быў каталіком, але галінкі вярбы ўпрыгожвалі аднолькава. Зразалі загадзя, ставілі ў ваду, каб паказаліся лісточкі, абкручвалі каляровай стужкай, завязвалі банцік, можна было прымацаваць штучныя кветкі. Калі вярталіся з царквы ці касцёла, вярбінкай трэба было “пабіць” кожнага з сям’і. Лічылася, што на працягу года, “пабітыя” будуць здаровымі і моцнымі. Вербныя галінкі захоўвалі за абразамі, праз год – спальвалі.

Валянціна Гародка з вёскі Чарлёнка (каталічка):

– Вербная Нядзеля – вялікае свята, якое памятаю з дзяцінства. У нашай сям’і галінкі ўпрыгожвалі яркай стужкай, штучнымі кветкамі, неслі ў касцёл. Захоўвалі святыню ў чырвоным куце каля абразоў. Верылі, што гэта вярба дапамагае ад сурокаў, ёю пасля зімы гналі кароў на пашу (каб не “калоліся”), праз год  галінкі спальвалі, попел клалі ў скрыначку, каб на Папялец (першы дзень Вялікага посту) занесці ксяндзу. Ён высыпаў крыжык на галаве для пакаяння і самаабмежавання.

Таццяна Янушкевіч, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:

На Дзятлаўшчыне Вербная Нядзеля была шануемым святам. У Нарбутавічах дзяўчаты варажылі на суджанага: “білі” вярбінкамі незнаёмых хлопцаў, пыталіся імя, верылі, што так будуць зваць мужа. У Сачыўлянах людзі з’ядалі пупышачкі вярбы, каб быць здаровымі.

Вярнуўшыся з царквы, галінкі дзялілі: частку ставілі за іконы, другою пабівалі скацінку, нават пладовыя дрэўцы на ўраджай, затым падтыкалі іх пад дах хлява, каб пазней са свянцонай вадой імі пагнаць карову ў поле. Асвечаныя галінкі ядлоўцу, калі хварэла карова, клалі на цадзілак, каб не збягалася малако. Хатнюю вярбу пры навальніцы ставілі на акно, адкуль ідзе хмара. Увогуле, з вярбінкамі было шмат дзеяў: вяршочкі кідалі ў баразну на ўраджай пры пасадцы бульбы; калі палохаліся дзеці, іх з ног да галавы абкурвалі дымам асвечанай вярбы; суконныя ніткі з вербных букетаў вязалі на рукі, спіну, каб не балелі за работай.        

Па выніках экспедыцыі “Роднае-народнае” Ганна Харлінская, Іна Юганава і настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марыя Цімошка ў школьным музеі правялі для навучэнцаў майстар-клас па ўпрыгажэнні “вербных букетаў” і расказалі ім аб традыцыях Вербнай Нядзелі на Дзятлаўшчыне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: