14 каманд, каля 400 удзельнікаў сабраў на Дзятлаўшчыне абласны моладзевы турысцкі злёт.
Яго прымае маляўнічая паляна ўрочышча Рыбакі. Сёлетні турзлёт прысвечаны Году народнага адзінства, праходзіць пад лозунгам “Беларусь. Моладзь. Адзінства” і са слоганам “Адпраўляйцеся даследаваць новае”.
Сустрэча моладзі на такіх мерапрыемствах – гэта не толькі адпачынак, спартыўны азарт, творчае майстэрства, але і месца для новых знаёмстваў, займальных гутарак. У адкрытай абстаноўцы, без афіцыёзу, або, як кажуць, “без гальштукаў”, прайшоў дыялог удзельнікаў турзлёту з кіраўніцтвам вобласці. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў больш за гадзіну адказвалі на пытанні.
Пагутарыць з актывістамі БРСМ таксама прыехалі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснікі Віталій Шулейка і Ігар Кухарэвіч, першы сакратар ЦК «БРСМ» Аляксандр Лук’янаў, першы сакратар абкама «БРСМ» Андрэй Есін.
– Вельмі прыемна бачыць столькі людзей, ад працы, намаганняў якіх залежыць развіццё і росквіт нашай краіны. Чым больш шчыра мы адкажам на вашы пытанні, нават нязручныя, тым прасцей вам будзе знайсці сваё месца ў жыцці, – у прывітальным слове адзначыў губернатар.
Адна з удзельніц турзлёту з Дзятлава падзялілася ўражаннямі аб праекце БРСМ “Рэспубліканскі моладзевы цягнік “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” і прапанавала арганізаваць для моладзі Гродзеншчыны такі ж цягнік з магчымасцю вандраваць па самых цікавых куточках вобласці. Як заўважыла дзяўчына, яна і сёння падтрымлівае сувязь, праўда, не рэальную, а праз інтэрнэт, з новымі знаёмымі з рэспубліканскага “цягніка”.
– Гэта цудоўна, што ваш вопыт новага сяброўства склаўся менавіта так: спачатку пазнаёміцца рэальна, а пасля падтрымліваць сувязь віртуальна, – сказаў Уладзімір Каранік. – Другаснасць тэхналогій. Не хапае цяпер у грамадстве жывых стасункаў, а такія праекты БРСМ аб’ядноўваюць, выяўляюць і фарміруюць лідараў меркаванняў. А вандраваць – калі ласка, колькі пажадаеце. Мы падтрымаем любыя праекты.
Сакратар БРСМ з Ашмянаў дадала сваю ідэю – не рабіць поезд абласным, а, наадварот, пашырыць яго геаграфію і “выйсці на міжнародны ўзровень”.
– У нас Гродзенскай вобласцю падпісаны 27 дагавораў з рознымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве. Калі вы знойдзеце моладзевую арганізацыю краіны-суседкі, якая зможа вашу ініцыятыву падтрымаць, мы акажам усебаковую юрыдычную, інфармацыйную, фінансавую падтрымку, – паабяцаў старшыня аблвыканкама.
З пытаннем, ці плануюцца змяненні ў рамках патрыятычнага выхавання дзяцей, мелася на ўвазе дашкольнікаў, звярнуліся ўдзельнікі турзлёту да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева. На што Юрый Хаджымуратавіч з усёй унутранай маральнай годнасцю афіцэра заявіў, што ў нас цудоўная краіна і дзяржаўныя сімвалы вызначаюць яе самабытнасць, незалежнасць. А вучыць ненавязліва нашым сімвалам, гісторыі сапраўды неабходна, як і калісьці ў савецкія часы, з самага маленькага ўзросту.
– Цяпер у школе будуць працаваць настаўнікі па патрыятычным выхаванні. Правільна. Не агрэсіўна, а настойліва гэтым трэба займацца, – дадаў Юрый Караеў.
Гучалі на нефармальнай дыскусіі таксама пытанні, якія датычыліся будучага студатрадаўскага руху, перспектываў моладзевых лідараў у якасці рэзерву кадраў на кіраўніцкія пасады, некаторых сучасных палітычных аспектаў.
Скончылася дыскусія на прыемнай ноце. Рэспубліканскі лідар БРСМ Аляксандр Лук’янаў уручыў Уладзіміру Караніку сімвалічны знак “За поспехі ў працы”, Юрыю Караеву – знак “За адзнаку ў ахове правапарадку”, Падзякі ад Цэнтральнага камітэта саюза моладзі за асабісты ўклад у рэалізацыю рэспубліканскіх праектаў БРСМ некаторым лідарам раённых камітэтаў, гасцям турысцкага злёту – майкі з выяваю герба Гродзенскай вобласці і сімвалічным надпісам “СІЛА Ў АДЗІНСТВЕ”.
Уладзімір Каранік падрахункаваў, што моладзь павінна ўносіць канкрэтныя прапановы адносна таго, што трэба памяняць, каб усе добрыя ініцыятывы хутчэй укараняліся ў жыццё. Яны могуць знайсці сваё адлюстраванне ў нарматыўна-прававых актах і дапамогуць краіне развівацца больш дынамічна.
Ірына КАМАРОВА
Фота Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga