Уладзімір Каранік: “Мы любыя праекты моладзі гатовы падтрымаць” (+відэа)

Галоўнае Улада

14 каманд, каля 400 удзельнікаў сабраў на Дзятлаўшчыне абласны моладзевы турысцкі злёт.

Яго прымае маляўнічая паляна ўрочышча Рыбакі. Сёлетні турзлёт прысвечаны Году народнага адзінства, праходзіць пад лозунгам “Беларусь. Моладзь. Адзінства” і са слоганам “Адпраўляйцеся даследаваць новае”.

Сустрэча моладзі на такіх мерапрыемствах – гэта не толькі адпачынак, спартыўны азарт, творчае майстэрства, але і месца для новых знаёмстваў, займальных гутарак. У адкрытай абстаноўцы, без афіцыёзу, або, як кажуць, “без гальштукаў”, прайшоў дыялог удзельнікаў турзлёту з кіраўніцтвам вобласці. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў больш за гадзіну адказвалі на пытанні.

Пагутарыць з актывістамі БРСМ таксама прыехалі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснікі Віталій Шулейка і Ігар Кухарэвіч, першы сакратар ЦК «БРСМ» Аляксандр Лук’янаў, першы сакратар абкама «БРСМ» Андрэй Есін.

– Вельмі прыемна бачыць столькі людзей, ад працы, намаганняў якіх залежыць развіццё і росквіт нашай краіны. Чым больш шчыра мы адкажам на вашы пытанні, нават нязручныя, тым прасцей вам будзе знайсці сваё месца ў жыцці, – у прывітальным слове адзначыў губернатар.

Адна з удзельніц турзлёту з Дзятлава падзялілася ўражаннямі аб праекце БРСМ “Рэспубліканскі моладзевы цягнік “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” і прапанавала арганізаваць для моладзі Гродзеншчыны такі ж цягнік з магчымасцю вандраваць па самых цікавых куточках вобласці. Як заўважыла дзяўчына, яна і сёння падтрымлівае сувязь, праўда, не рэальную, а праз інтэрнэт, з новымі знаёмымі з рэспубліканскага “цягніка”.

– Гэта цудоўна, што ваш вопыт новага сяброўства склаўся менавіта так: спачатку пазнаёміцца рэальна, а пасля падтрымліваць сувязь віртуальна, – сказаў Уладзімір Каранік. – Другаснасць тэхналогій. Не хапае цяпер у грамадстве жывых стасункаў, а такія праекты БРСМ аб’ядноўваюць, выяўляюць і фарміруюць лідараў меркаванняў. А вандраваць – калі ласка, колькі пажадаеце. Мы падтрымаем любыя праекты.

Сакратар БРСМ з Ашмянаў дадала сваю ідэю – не рабіць поезд абласным, а, наадварот, пашырыць яго геаграфію і “выйсці на міжнародны ўзровень”.

– У нас Гродзенскай вобласцю падпісаны 27 дагавораў з рознымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве. Калі вы знойдзеце моладзевую арганізацыю краіны-суседкі, якая зможа вашу ініцыятыву падтрымаць, мы акажам усебаковую юрыдычную, інфармацыйную, фінансавую падтрымку, – паабяцаў старшыня аблвыканкама.

З пытаннем, ці плануюцца змяненні ў рамках патрыятычнага выхавання дзяцей, мелася на ўвазе дашкольнікаў, звярнуліся ўдзельнікі турзлёту да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева. На што Юрый Хаджымуратавіч з усёй унутранай маральнай годнасцю афіцэра заявіў, што ў нас цудоўная краіна і дзяржаўныя сімвалы вызначаюць яе самабытнасць, незалежнасць. А вучыць ненавязліва нашым сімвалам, гісторыі сапраўды неабходна, як і калісьці ў савецкія часы, з самага маленькага ўзросту.

– Цяпер у школе будуць працаваць настаўнікі па патрыятычным выхаванні. Правільна. Не агрэсіўна, а настойліва гэтым трэба займацца, – дадаў Юрый Караеў.

Гучалі на нефармальнай дыскусіі таксама пытанні, якія датычыліся будучага студатрадаўскага руху, перспектываў моладзевых лідараў у якасці рэзерву кадраў на кіраўніцкія пасады, некаторых сучасных палітычных аспектаў.

Скончылася дыскусія на прыемнай ноце. Рэспубліканскі лідар БРСМ Аляксандр Лук’янаў уручыў Уладзіміру Караніку сімвалічны знак “За поспехі ў працы”, Юрыю Караеву – знак “За адзнаку ў ахове правапарадку”, Падзякі ад Цэнтральнага камітэта саюза моладзі за асабісты ўклад у рэалізацыю рэспубліканскіх праектаў БРСМ некаторым лідарам раённых камітэтаў, гасцям турысцкага злёту – майкі з выяваю герба Гродзенскай вобласці і сімвалічным надпісам “СІЛА Ў АДЗІНСТВЕ”.

Уладзімір Каранік падрахункаваў, што моладзь павінна ўносіць канкрэтныя прапановы адносна таго, што трэба памяняць, каб усе добрыя ініцыятывы хутчэй укараняліся ў жыццё. Яны могуць знайсці сваё адлюстраванне ў нарматыўна-прававых актах і дапамогуць краіне развівацца больш дынамічна.

Ірына КАМАРОВА
Фота Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: