Першы дзень у школе для вучняў 11 класа Дварэцкай сярэдняй школы пачаўся не зусім звычайна. Класны кіраўнік, Вера Папянюк, папярэдзіла, што чакае цікавая сустрэча.
Але ніхто з моладзі нават і не думаў, што людзі, якія прыйдуць, так захопяць іх думкі сваімі гісторыямі. Мерапрыемства было прысвечана Году малой радзімы пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”.
Вера Сёмуха, Валянціна Момат, Валянціна Скок, члены клуба ветэранаў “У крузе сяброў”, ветэраны працы, людзі з вялікім вопытам, актыўнай пазіцыяй, члены пярвічнай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” расказалі аб сваім жыццёвым шляху, які ў кожнай быў розны. Аб’ядноўвае толькі адно – шчырая любоў да роднай старонкі.
Вера Сёмуха засяродзіла ўвагу прысутных на тым, якім цяжкім было жыццё ў ваенныя і пасляваенныя гады, як імкнуліся дзеці да ведаў, як важна было стаць адукаваным чалавекам. За шматгадовую працу старшынёй сельскага выканаўчага камітэта Вера Сямёнаўна кіравалася адным галоўным законам – клопатам аб людзях, зямлі, дзе пашчасціла нарадзіцца. Яна прынесла з сабою мясцовую Кнігу гонару, дзе размешчаны прозвішчы людзей розных прафесій, якія сваёй адданай працай у самыя цяжкія часы забяспечылі працвітанне ронага краю.
Валянціна Скок сваёй размовай перанесла ўсіх за межы нашай Радзімы. Яна часта падарожнічае па розных краінах свету, наведала ўсе еўрапейскія сталіцы. З захапленнем расказвала аб дзіўных мясцінах Парыжа, людзях, якіх там сустрэла. Скончыла размову словамі: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…” Падкрэсліла, што мілейшай старонкі, чым яе малая радзіма – Жыровічы, для яе душы проста не існуе. Расказала яшчэ і аб тым, што выбар прафесіі лічыць самым галоўным крокам у сваім жыцці. Ніводнага разу не пашкадавала, што стала настаўніцай нямецкай мовы.
Валянціна Момат з вялікай адданасцю распавяла аб сваіх родных мясцінах – горадзе Ганцавічы. З боллю ў сэрцы і гонарам успамінала свайго бацьку, які быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. З 1973 года яна працавала ў школе спачатку настаўнікам, затым намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Цікавай для ўсіх стала гісторыя Дварэцкай сярэдняй школы, якую расказала Валянціна Мікалаеўна. Акрамя таго, музей установы адукацыі папоўніўся бясцэнным экспанатам – газетай “Наша жыццё”, выпушчанай былымі вучнямі школы ў 1979 годзе, з артыкулам “З гісторыі Дварэцкай школы”. Неаднаразова падкрэсліла, што вучнямі сваімі славіцца настаўнік.
Напрыканцы сустрэчы ветэраны працы падарылі вучням салодкія пачастункі з найлепшымі пажаданнямі і віншаваннямі з пачаткам навучальнага года. А ў душы кожнага засталася ўпэўненасць, што толькі шчырай працай можна дасягнуць задавальнення ад жыцця, прынесці карысць Радзіме.
Вераніка ФАБІШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара Дварэцкай сярэдняй школы
Лучшее средство воспитания — хороший пример. Отличный получился урок.
Рейтинг комментария:00