5 красавіка на Дзятлаўшчыне стартаваў прект “Футбол у вёсцы”, у якім, як плануецца, прымуць удзел 12 сельскіх школ раёна. Нагадаем, што аўтар ідэі стварэння праекта – трэнер-выкладчык па футболе ўстановы адукацыі “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа” Уладзімір Ганчар.
Цікаўлюся ў трэнера:
– Уладзімір Юр’евіч, ваш праект захапіў шматлікіх прыхільнікаў футбола і не толькі іх, выклікаў шквал эмоцый ў дзяцей вясковых школ, маштабнасць жадаючых прыняць у ім удзел здзіўляе. Як узнікла ідэя стварэння такога праекта?
– Перад настаўнікамі з дня ў дзень паўстае пытанне: чым сёння зацікавіць дзяцей, што прапанаваць сучаснаму школьніку, каб “адвесці вока” ад тэлефонаў, смартфонаў, планшэтаў, каб выхаваць здаровага і целам, і духам чалавека. Спартыўная школа прапаноўвае шырокі спектар заняткаў: гэта і хакей, і футбол, лёгкая і цяжкая атлетыка, валейбол. Большая частка дзяцей на трэніроўках – спартсмены гарадскіх школ або школ тэрытарыяльна блізкіх. Неабходны былі ідэі, накіраваныя на выяўленне і развіццё спартыўных талентаў у дзяцей з сельскай мясцоваці. Мне хацелася зрабіць нешта, што дапамагло б наблізіць найбольш здольных юных ігракоў да вялікага футболу. Так узнікла ідэя стварыць праект.
– Тым, хто сочыць за рэалізацыяй праекта, ужо добра вядома, што яго падтрымала Асацыяцыя Беларускай федэрацыі футбола. Чым выкліканы такі інтарэс?
– Беларуская федэрацыя футбола зацікаўлена ў папулярызацыі гэтага віда спорту сярод людзей, якія толькі прыйшлі ў спорт, і тых, чыё сэрца ўжо шмат гадоў аддана гульні: і ігракоў, і балельшчыкаў. Працуючы ў тандэме, мы пакідаем за сабою права спадзявацца, што для шматлікіх будычых футбалістаў вялікая гульня можа пачацца з маленькай радзімы, а сярод будучых знакамітых імёнаў – імёны цяперашніх школьнікаў. Застаецца толькі сумеснымі намаганнямі зрабіць на справе для гэтага як мага больш. Дарэчы, сустрэча з прадстаўнікамі Беларускай федэрацыі футбола адбылася ў ходзе рэалізацыі праекта. Гасцей раёна сустракалі спартсмены Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
– Што стане заключным этапам праекта?
– Сустрэча лепшых спартсменаў школ раёна на фінальных спаборніцтвах ў Дзятлаве 18 мая.
– Якіх вынікаў вы чакаеце ад сустрэчы?
– Цікавай і дынамічнай гульні, актыўных ігракоў і шматлікіх балельшчыкаў.
– “Футбол у вёсцы” на гэтым спыніцца?
– Праект, які мы рэалізуем – гэта пачатковы этап, накіраваны на выяўленне лепшых ігракоў у вясковых школах. У планах –працягнуць працаваць у гэтым накірунку. Наступным крокам стане другі этап праекта, накіраваны на развіццё спартыўных навыкаў таленавітых юных футбалістаў.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Стоит почитать:
Жаночыя сакрэты паспяховай аграноміі
1 Комментарий
Спорт школа растет в глазах дятловчан и не только. Вообще хорошее дело делает этот тренер