Зіма – не толькі пара снежных забаваў і навагодніх святаў.

Гэта час другіх па працягласці школьных канікулаў, якія навучэнцам неабходна правесці займальна, карысна і здорава. У аддзеле адукацыі райвыканкама запэўніваюць: гэтай зімой цікавы занятак знойдзецца кожнаму дзіцяці. Аб тым, як і дзе ў вольны час будуць адпачываць дзятлаўскія школьнікі, расказала начальнік аддзела Марына Лашкоўская:

– У гэтым навучальным годзе зімовыя канікулы будуць прадаўжацца 15 дзён – з 26 снежня 2022 года да 8 студзеня 2023 года. На працягу іх ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы змогуць адпачыць і правесці вольны час з карысцю: для іх будзе арганізавана работа 11 лагераў з дзённым знаходжаннем, згодна з папярэднімі заяўкамі, яны прымуць каля 215 дзяцей, змена будзе доўжыцца 7 дзён. Таксама ў перыяд канікулаў каля 60 навучэнцаў Новаяльнянскай і Дварэцкай школ, размешчаных на тэрыторыі з перыядычным радыяцыйным кантролем, пройдуць аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне ў рэспубліканскіх дзіцячых лячэбна-аздараўленчых цэнтрах “Лясная паляна” і “Ждановічы”.  Кошт пуцёўкі на адно дзіця складае каля 1 тысячы беларускіх рублёў, яны будуць набыты за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Таксама ёсць добрая практыка аздараўліваць нашых школьнікаў у дзіцячым санаторыі “Случ”, пуцёўкі для іх фінансуюцца бюджэтам Саюзнай дзяржавы.

– Якія мерапрыемствы плануюцца ў перыяд зімовых канікулаў?

– План дастаткова шырокі: мы ўлічваем  дзяржаўны і хрысціянскі каляндар святочных датаў на гэты перыяд, таксама будуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года гістарычнай памяці, які падыходзіць да завяршэння. На працягу канікулаў нам важна не толькі забяспечыць насычаны вольны час школьнікаў, але і захаваць, умацаваць здароўе дзяцей, духоўнае і фізічнае. Дзеці, якія наведваюць аб’яднянні па інтарэсах, змогуць рабіць гэта і на канікулах: усе гурткі будуць працаваць у звычайным рэжыме. Для аматараў фізкультуры пройдзе мноства масавых спартыўных мерапрыемстваў, гульняў на свежым паветры. У кожнай са школ раёна пракладзены лыжныя трасы, функцыянуюць пункты пракату спартыўнага інвентару. У Дзятлаве побач са стадыёнам “Колас” і ў Наваельні на стадыёне “Лакаматыў” працуюць лядовыя каткі, пракат канькоў. Таксама ў час зімовых канікулаў у раёне пройдуць раённыя валанцёрскія акцыі, а ва ўсіх школах – навагоднія ранішнікі “У гасцях у казкі”.

– Як справы з экскурсійнай дзейнасцю?

– Прапануем экскурсіі як па Дзятлаўшчыне, так і па вобласці, рэспубліцы, пераважна зімовай і навагодняй тэматыкі. Так, навучэнцы школ раёна наведаюць рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы і на Аўгустоўскім канале. Арганізаваныя групы школьнікаў паўдзельнічаюць у раённым экалагічным квэсце “Ключы бабулі Зімы”, які праходзіць на базе хаткі паляўнічага ў аграгарадку Вензавец.

– Раскажыце пра ўдзел дзятлаўскіх школьнікаў у акцыі “Нашы дзеці”.

– Дабрачынная акцыя, якая праходзіць па ўсёй краіне пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, стартавала 15 снежня і за месяц правядзення вызначыцца шэрагам яркіх мерапрыемстваў, у якіх будуць занятыя і юныя дзятлаўчане. 22 снежня навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасія Шавель і Данііл Івашэвіч наведаюць абласны баль “Карнавальная ноч”. 27 снежня 25 школьнікаў раёна адправяцца на абласное навагодняе свята для дзяцей Гродзенскай вобласці: гэта дзеці-інваліды, сіроты, дзеці з апякунскіх сем’яў, адораныя дзеці, пераможцы конкурсаў і алімпіяд ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Таксама 27 снежня ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбудзецца дабрачыннае навагодняе свята з удзелам кіраўніцтва раёна і грамадскіх аб’яднанняў.  28 снежня ў Мінску пройдзе Усебеларуская ёлка для лепшых акцябрат і піянераў краіны, дзе наш раён прадставяць Кірыл Шаўчук (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) і Аліна Палухіна (сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава). На 29 снежня навучэнцы раёна Аляксей Умоўскі з Новаяльнянскай сярэдняй школы і Станіслаў Альшэўскі з Казлоўшчынскай сярэдняй школы запрошаны на дабрачыннае навагодняе свята з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Радуе той факт, што ў акцыі “Нашы дзеці” з кожным годам прымае ўдзел усё большая колькасць нераўнадушных людзей, грамадскіх аб’яднанняў. Кожны з нас, дарослых, можа стаць удзельнікам гэтых важных і патрэбных мерапрыемстваў, бо, як вядома, чужых дзяцей не бывае.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации