За плячыма настаяцеля прыхода касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дзятлаве ксяндза Здзіслава Пікулы працяглы пастырскі шлях. Значны адрэзак на ім займае місіянерскае служэнне ў Балівіі і Эквадоры.

Больш за дваццаць гадоў ён служыў у Варнянах, што ў Астравецкім раёне, быў настаяцелем касцёла ў гонар святога Георгія. Хаця ў юнацтве аб тым, што стане святаром, нават і не думаў.

Пасля заканчэння васьмігадовай школы Здзіслаў хацеў стаць механікам сельскагаспадарчых машын. Дзеля гэтага скончыў адпаведны тэхнікум, атрымаў размеркаванне на працу. Аднак Божы Промысел выбраў для юнака зусім іншы шлях…

Неяк футбольная каманда, у якой гуляў Здзіслаў, сустракалася з навіцыянтамі — манахамі-першагодкамі ордэна салезіянцаў. Яны і падарылі Здзіславу кнігу пра заснавальніка ордэна — Яна Боска. Знаёмства са святым, які прысвяціў жыццё выхаванню бяздомных дзяцей, цяжкіх падлеткаў, стала лёсавырашальным: Здзіслаў таксама захацеў поўнасцю прысвяціць сваё жыццё Богу. Бацькі, даведаўшыся аб рашэнні сына, папярэдзілі: “Добра падумай, перш чым зрабіць такі крок. Канчаткова выбраўшы святарскую дарогу, годна ідзі па ёй. Не абражай Бога і не ганьбі сям’ю”.

Знакавым для Здзіслава стаў 1975 год, калі Брацтва салезіянцаў адзначала стагоддзе заснавання. З гэтай нагоды кіраўніцтвам ордэна вырашана было накіраваць несці святло Хрыстовай веры ў так званыя “краіны трэцяга свету” сто місіянераў. Абавязковая ўмова — прэтэндэнт павінен скончыць хаця б два курсы духоўнай семінарыі. На той момант Здзіслаў быў манахам і не паспеў нават паступіць вучыцца. Аднак у яго сэрцы жыло шчырае жаданне стаць місіянерам. У тым, што справіцца з гэтым, ён змог упэўніць і іншых, і таму генерал Ордэна салезіянцаў — айцец Рытчэры даслаў яму персанальны дазвол на місіянерства.

Пунктам прызначэння стала Балівія. Святло Хрыстовай веры місіянеры павінны былі несці плямёнам індзейцаў, якія жылі ў джунглях.

Перад сустрэчай з імі Здзіслаў Пікула чытаў адпаведную дапаможную літаратуру, знаёміўся з ладам жыцця плямёнаў індзейцаў, які быў далёкі ад цывілізаванага.

— Жыццё ў гэтых людзей качавое: пошукі ежы прымушаюць перамяшчацца з месца на месца. Спяць яны, закапаўшыся ў пясок, які за дзень награваецца да высокай тэмпературы і ноччу захоўвае гэтае цяпло, — расказвае Здзіслаў Пікула.

Шлюбы ў племені па нашых мерках заключаюцца ў дзіцячым ўзросце — у 9-10 гадоў. Большасць жанчын нараджаюць па 15-20 дзяцей, хаця ў жывых з іх застаецца вельмі мала.

Памерлых супляменнікаў індзейцы спальваюць на вогнішчы, вакол якога племя танцуе і спявае. І ўсё гэта — пад гукі спецыяльнага барабана. Потым попел ад спаленага нябожчыка павадыр племені разводзіць у вадзе да кансістэцыі кашы. Ёй павінны пачаставацца ўсе прысутныя. Лічыцца, што такім чынам памерлы будзе існаваць у целах сваіх жывых суродзічаў.

У традыцыях племені і прыгатаванне “чычы” — напою, якім індзейцы адзначаюць нейкія паспяховыя падзеі. Напрыклад, удалае паляванне. Вырабляюць чычу вельмі адметным спосабам. Тры пажылыя індыянкі, у роце якіх захавалася па два-тры зубы, разжоўваюць кукурузнае зерне і сплёўваюць яго ў жбан. “Кашыца” заліваецца вадой. Пад уздзеяннем слінных ферментаў і спёкі напой пачынае брадзіць. Такім чынам атрымліваецца слабаалкагольны напой, накшталт піва.

Прыйсці ў племя і адразу ж распачаць хрышчэнне — задача невыканальная. Першапачаткова неабходна было заваяваць яго давер: у нейкай ступені жыць жыццём племені, традыцыямі.

Перш чым “класціся спаць”, неабходна было апрацаваць цела сокам спецыяльнага дрэва. Гэта спрабавалі патлумачыць мне індзейцы, аднак з-за моўнага бар’еру я не зразумеў, што ледзь не каштавала мне жыцця. Ноччу авадзень бінча пракусіў мне нагу і адклаў яйкі. Ранка на назе не выклікала ў мяне асаблівай трывогі. Аднак праз месяц індзейцы прывезлі мяне да доктара. Без абязбольвання той адразу ж паласнуў скальпелем па маёй распухлай назе. Потым патлумачыў, што яшчэ б некаторы час — і лічынкі авадня выклікалі б поўнае заражэнне крыві… Калі я вяртаўся з бальніцы, усё племя выйшла мяне сустракаць — з песнямі і танцамі пад бубны.

Вывучэнне мовы аблегчыла маё знаходжанне сярод індзейцаў. Нягледзячы на тое, што дзяржаўнай мовай Балівіі з’яўляецца іспанская, у кожнага племені яна свая. За гады жыцця ў Балівіі я добра вывучыў іспанскую мову, а таксама мову плямёнаў кетчуа і аймара.

Праз два гады знаходжання ў балівійскіх джунглях Здзіслаў вырашыў паступіць вучыцца, паколькі адсутнасць адукацыі і адпаведнага сану не дазваляла яму самому хрысціць дзяцей, заключаць шлюбы — даводзілася звяртацца да іншых святароў.

Бліжэйшая акадэмія, дзе Здзіслаў мог атрымаць духоўную адукацыю, знаходзілася ў Эквадоры. Каб стаць святаром, тут трэба было вучыцца ажно 17 гадоў. А вось навучанне на факультэце філасофіі складала два гады. Паспяхова здаўшы экзамены — геаграфію і гісторыю Эквадора — Здзіслаў стаў студэнтам філасофскага факультэта. Разам з вучобай тут, згодна са статутам салезіянскага ордэна, ён павінен быў яшчэ весці асветніцкую работу з дзецьмі і моладдзю. Дзяцей з бяднейшых сем’яў ён таксама стараўся падкарміць чым мог.

— Меню бедных эквадорцаў, — расказвае ксёндз Здзіслаў, — смажаныя змеі або пацукі. Аднак індзейцы лічаць, што хвасты ў пацукоў — атрутныя. І таму, знаходзячы ў скалах пацучыныя гнёзды, эквадорцы адразаюць у нованароджаных жывёлін хвасты. Потым, калі пацучкі вырастаюць, іх ужываюць у ежу.

Два гады навучання на філасофскім курсе праляцелі хутка. Кіраўніцтва ордэна салезіянцаў накіравала місіянера Здзіслава ў Польшчу, каб атрымаць вышэйшую духоўную адукацыю. На развітанне індзейцы папрасілі яго пакінуць на пяску сляды сваіх ног — у знак таго, што ён яшчэ вернецца сюды.

Развітвацца з людзьмі, да якіх прывык, было цяжка. Было цяжка развітвацца і з Оза — сабакам, якога Здзіслаў падабраў яшчэ шчанюком. Вырасшы, Оза (з іспанскай гэтае слова перакладаецца як “мядзведзь”) стаў сапраўдным сябрам, які не пакідаў свайго гаспадара. І нават прыбег за ім у аэрапорт, пераадолеўшы сорак кіламетраў. Вядома ж, у самалёт сабаку не пусцілі. Калі самалёт узляцеў, Оза з усіх сіл бег за ім, спрабуючы дагнаць свайго любімага гаспадара.

У Польшчы Здзіславу давялося зноў на працягу двух гадоў вывучаць філасофію (атрыманая ў Эквадоры адукацыя не залічвалася) і яшчэ чатыры гады — тэалогію. У сан ён быў рукапакладзены ў 1985 годзе. Пачынаў служыць у Польшчы, а ў 1989 годзе прыехаў у Беларусь.

У сакавіку 1990 года ксёндз Здзіслаў стаў настаяцелем прыхода касцёла ў Варнянах, які неабходна было аднаўляць. Калі аднаўленне святыні было завершана, Здзіслаў узяўся за рэстаўрацыю філіяльнага касцёла ў Вароне, якую завяршыў праз два гады.

… А сляды, пакінутыя мной на эквадорскім пяску, — узгадвае ксёндз Здзіслаў, — яшчэ доўга стаялі перад вачыма, нагадвалі аб тым некранутым цывілізацыяй Эдэме, аб яго жыхарах.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации