Спрыяльныя ўмовы надвор’я на працягу апошняга тыдня паскорылі аграрныя этапы: працэс жніва ў самым разгары. Вельмі хутка і па-гаспадарску выкарыстаць гэтыя добрыя для жніва дні імкнуцца ў ААТ “Граніт-Агра”.
На “гранітаўскіх” палетках працуюць дзясяткі адзінак уборачнай тэхнікі.
Каторы год запар лепшыя вынікі і лідарскія пазіцыі – у сямейнага экіпажа Уладзіміра і Андрэя Гукішаў, якія працуюць на камбайне “LEXION-580”. Па стане на 25 ліпеня яны намалацілі больш за 934 тоны зерня, у тым ліку рапсавага насення. На камбайне “LEXION-580” працуе і экіпаж камбайнераў братоў Дзмітрыя і Сяргея Жыхоў. На іх рахунку больш за 745 тон збожжа. 714 тон зерня, у тым ліку алейнай культуры, – у сямейнага экіпажа Уладзіміра і Івана Чарняўскіх, якія кіруюць камбайнам “ДЖОН ДЗІР-9640”. Гэта ўжо вопытныя хлебаробы, добра ведаюць як характар тэхнікі, так і асаблівасці мясцовых палёў.
Лідарства на адвозцы алейнага насення і каласавых культур на сёлетнім жніве ў ААТ “Граніт-Агра” утрымліваюць вадзіцелі Казімір Рысюк, на рахунку якога 1115 тон збожжа, Андрэй Гулецкі – 1001 тона ураджаю, Аляксандр Бакей – больш за 985 тон адвезенага збожжа.
На рулонным прэс-падбіральніку ПРФ-180Б працуе Уладзімір Кохан.
Зерне новага ўраджаю ў сельгасарганізацыі з гатоўнасцю прымаюць два збожжасушыльныя комплексы М-819 і два комплексы КЗСВ-30, якія знаходзяцца ў аграгарадках Круцілавічы і Таркачы.
Як расказаў галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Антон Тарасевіч, чарговасць збору ўраджаю з палёў вызначаецца па некалькіх параметрах, сярод якіх – тэрміны сяўбы, вільготнасць.
Па стане на 25 ліпеня, у ААТ “Граніт-Агра” сабрана 229 тон ячменю з плошчы 110 гектараў. Ураджайнасць складае 20,8 цэнтнера з гектара. Усяго гэтай зерневай культурай засеяна 978 гектараў.
Паралельна ідзе ўборка азімага трыцікале. Плошча пасеваў складае 1500 гектараў. Ураджай сабраны з плошчы 653 гектары, першымі ўборачнымі тыднямі намалочана 2099 тон. Ураджайнасць складае 32 цэнтнеры з гектара.
Уборка азімай пшаніцы лідзіруе па ўборцы. Плошча пасеваў складае 400 гектараў. Ураджай сабраны з плошчы 320 гектараў. Намалочана 1307 тон зерня. Ураджайнасць складае 41 цэнтнер з гектара.
Усяго ў гаспадарцы належыць убраць зерневых культур з плошчы 3088 гектараў. Ужо сабраны ўраджай з плошчы 1083 гектары. Намалочана 3635 тон зерня. Ураджайнасць складае 33,6 цэнтнера з гектара.
Кіраўніцтвам ААТ “Граніт-Агра” пільная ўвага надаецца тэхніцы бяспекі. Навучанне, інструктажы праводзяцца з кожным ўдзельнікам жніва. У час уборкі на палетках арганізавана дзяжурства спецыялістаў, а таксама тэхнікі пажарнага прыкрыцця.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ