На Дзятлаўшчыне ва ўстановах адукацыі прадаўжаецца раённая экалагічная акцыя “Сустракаем пярнатых”, прымеркаваная да Года добраўпарадкавання.





На гэты раз “новыя кватэры” для птушак на дрэвах размяшчалі навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Шпакоўні яны змайстравалі сваімі рукамі і ўпэўнены, што новыя зручныя хаткі спадабаюцца маленькім сябрам, а птушкі ў адказ будуць чысціць мясцовыя сады і агароды ад шкодных насякомых, заадно і радаваць людзей сваімі спевамі.


– Ініцыятыва па арганізацыі акцыі “Сустракаем пярнатых” зыходзіла не толькі ад аддзела і ўстановаў адукацыі, але і ад райвыканкама, – расказаў дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык. – Сіламі навучэнцаў пры матэрыяльнай падтрымцы кіраўніцтва школы было змайстравана шмат шпакоўняў для крылатых сяброў. Хлопчыкі выраблялі іх самі з дапамогай настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Палуносіка на ўроках працы. Асабліва актыўна сябе праявілі дзевяцікласнікі. Дзякую і педагогам, якія не засталіся раўнадушнымі да добрай справы і правялі арганізацыйную работу ў класных калектывах. Акцыя прадаўжаецца, таму плануем зрабіць яшчэ нямала шпакоўняў, каб размясціць іх і ў школьным парку.

Цяпер жа будзем прымацоўваць птушыныя хаткі на ліпах каля помніка землякам у вёсцы Малдавічы, а частку – уздоўж бярозавай алеі паміж вёскамі Малдавічы і Драбавічы. У Год добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне размяшчаць шпакоўні мяркуем пераважна на дрэвах каля пахаванняў загінулых у гады ваеннага ліхалецця і прывабліваць у гэтыя мясціны птушак.






Старшакласнікі Казлоўшчынскай сярэдняй школы з задавальненнем далучыліся да актыўнай фазы акцыі. Калі раней яны шчыравалі ў кабінеце працоўнага навучання, то цяпер прыспеў час “прадставіць новыя кватэры” іх непасрэдным жыхарам. Шпакі ўжо прыляцелі, таму прымацаваныя для іх на дрэвах шпакоўні ў хуткім часе будуць заселены.

– Напярэдадні Міжнароднага дня птушак, каб паклапаціцца аб тых крылатых, якія прылятаюць з зімоўкі ў родныя мясціны, мы актыўна ўдзельнічаем у акцыі, – зазначае Арсеній Лішык. – Сам я змайстраваў пяць шпакоўняў. Шчыра кажучы, гэта было няпроста. Розныя класы майстравалі домікі для птушак па-рознаму, таму на выгляд яны крыху адрозніваюцца. Увогуле ж, я люблю вясну і птушыныя спевы, таму з задавальненнем далучыўся да добрай справы.

– Мы з дзяўчатамі таксама не стаялі ў баку ад падзеі, – патлумачыла Вікторыя Барук. – Прыходзілі на ўрокі да нашых аднакласнікаў, каб дапамагчы ім: рабілі чарцяжы, адмяралі, а ўжо пілавалі, габлявалі, збівалі дошчачкі самі хлопцы. Не менш цікава цяпер прымацоўваць гатовыя шпакоўні на дрэвах, ды і правесці час разам заўжды весела. Акцыя прадаўжаецца, і мы ўжо зманціравалі відэаролік аб сваіх добрых справах на карысць птушак. Адправілі яго на абласны конкурс “Гродзеншчына – тэрыторыя клопату”. Дарэчы, у нашым відэа адлюстраваны даволі працяглы працэс, бо спачатку знята, як мы ўзімку вешалі кармушкі, кармілі птушак, а цяпер яшчэ і падрыхтавалі для іх хаткі. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што клопат аб крылатых у нашай школе не разавая акцыя, а доўгатэрміновы праект.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее