У кожнай вёскі — сваё жыццё і свая гісторыя. Яна сугучная з летапісам астатніх падобных ёй населеных пунктаў і ў той жа час унікальная, адметная. І пачынаецца гэтая адметнасць з назвы, якую некалі далі пасёлку яго першыя насельнікі. Ішоў час, на змену аднаму пакаленню прыходзіла другое, а назвы вёсак заставаліся — як сведкі сівой даўніны.
Такую старажытную назву мае і вёска Зарой, размешчаная на мяжы Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў. Як сведчаць гісторыкі, корань тапоніма даволі старажытны, належыць яшчэ да індаеўрапейскіх моваў. Ён сустракаецца ў розных варыяцыях не толькі ў славянскіх, але і ў балцкіх мовах і перакладаецца як “паток”, “струмень”.
Ёсць у вёскі Зарой і свой дакументальны летапіс, які пасля карпатлівай працы ў архівах, на падставе сваіх успамінаў, успамінаў вяскоўцаў склаў Георгій Іванавіч Шараў, — ураджэнец Зароя, былы супрацоўнік Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея. Своеасаблівым эпіграфам да сваёй работы ён нездарма выбраў словы беларускага песняра Якуба Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы”, уклаўшы ў іх усю любоў да родных мясцінаў. Дадзеная кніга “Вёска Зарой”, а таксама аповед старасты вёскі Святаслава Паўлавіча Саса для карэспандэнткі газеты сталі асновай для напісання замалёўкі аб гэтым населеным пункце.
Першы ўспамін аб Зароі датуецца 1528 годам, 16-ым стагоддзем, калі на Навагрудчыне, як і ў іншых частках Вялікага Княства Літоўскага сфарміраўваўся клас свецкіх феадалаў. Адным з іх быў і Герасім Калантай — тагачасны ўласнік Зароя. Як сведчаць гістарычныя дакументы, гэта быў дробны феадал, які пастаўляў у войска 6 коней і меў ад 16 да 87 “службаў” — адзінак падаткаабкладання сялян павіннасцямі.
Яднаюць з навагрудскай зямлёй Зарой і геаграфічныя асаблівасці: населены пункт размешчаны на так званым навагрудскім узвышшы, аб чым сведчаць характэрныя для яго ланшафдту няроўнасці.
То бяжыць угару, то спускаецца ўніз вуліца, абапал якой размясціліся вясковыя хаты, а таксама скляпы для захоўвання прадуктаў. Дарога праз вёску брукаваная, што яскрава нагадвае аб польскіх часах. Гэты перыяд у гісторыі Зароя звязаны з імем калежскага асэсара Мурза-Мурзіча Сулеймана Якаўлевіча. Самі вяскоўцы называлі яго “пан Куба”. Яму належалі 400 гектараў зямлі, у гаспадарцы былі ферма, канюшня, млын. Працавала своесаблівы малочны завод, на якім выраблялі сыры. Для іх вырабу і захоўвання былі зроблены дзве лядоўні. На гаспадарцы працавалі не толькі людзі з Зароя, але і з навакольных вёсак.
Пасля смерці Мурзы-Мурзіча, якога пахавалі на татарскіх могілках у Навагрудку, уладанне Зароем перайшло да пана Тамашэўскага — швагра Сулеймана Якаўлевіча. Ва ўрочышчы Доўбы, што знаходзяцца побач з Зароем, новы ўлададальнік маёнтка пабудаваў цагельны завод, які дзейнічаў да 1939 года. Потым ён быў разбураны. Пан Тамашэўскі перад прыходам Чырвонай Арміі паспеў выехаць у Польшчу.
Прыход Савецкай улады пачаў новую старонку ў гісторыі вёскі Зарой. Першапачаткова тут быў створаны сельскі камітэт, а незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны — сельскі Савет.
Аб гадах Вялікай Айчыннай цяперашнім жыхарам Зароя нагадвае невялікі помнік, які стаіць на ўездзе ў вёску. На ім выбіты імёны людзей, якія былі закатаваны фашыстамі. Дарэчы, побач з Зароем ёсць і пахаванні часоў Першай сусветнай вайны. На адной з магілаў, узгадваюць старажылы вёскі, стаяла пліта, на якой па-нямецку было напісана імя “Вернэр Шульц”. Цяпер пліты ўжо няма і куды яна падзелася — невядома. Як і невядома, хто пахаваны яшчэ ў 16-і безыменных магілах.
Цікава і тое, што ў гады Першай Сусветнай вайны ў Зароі была пабудавана чыгуначная станцыя, праз якую праходзіла вузкакалейка Наваельня — Навагрудак — Любча, працягласцю 63 кіламетры.
У свой час у Зароі працавала і пачатковая чатырохгадовая школа. Яна адкрылася ў ліпені 1944 года. А ў 1950 годзе ў вёсцы Зарой быў заснаваны першы калгас, старшынёй якога быў абраны Іван Львовіч Шараў. Называлася гаспадарка “Калгасная ніва”.
Пяцідзясятыя гады пакінулі ў гісторыі Зароя і яшчэ некалькі цікавых фактаў. Так, у вёсцы дзейнічала пажарная дружына, якую складалі 8 чалавек, пры сельскім савеце было адкрыта агенцтва сувязі, працавала бібліятэка. А ў 1954 годзе цэнтр сельсавета быў перанесены ў вёску Навасёлкі, стаў называцца Навасёлкаўскім. На пачатку сямідзясятых гадоў Зарой уваходзіў у склад ужо Таркачоўскага сельскага савета, а пазней — Данілавіцкага.
Калі ў тыя гады ў Зароі жыло больш за 100 чалавек, то цяпер тут толькі сорак вяскоўцаў. Прыязджаюць дачнікі. 17 заройцаў яшчэ працуюць, астатнія — людзі пажылога ўзросту, за плячыма якіх — не адно дзесяцігоддзе нялёгкай працы ў калгасе, на мясцовай ферме. У свой час тут працавалі Вера Фёдараўна і Анатоль Іванавіч Падліпскія, Людміла Уладзіміраўна Сас. Сорак гадоў аддала калгаснай ніве Надзея Іванаўна Кохан. У гаспадарку яна прыйшла 19-гадовай дзяўчынай працаваць даяркай. Спачатку даіць даводзілася ўручную — па пятнаццаць кароў тры разы на дзень. “Маладой было нічога, гэта цяпер — цяжка”, — кажа жанчына.
Сённяшняе жыццё ў Зароі ідзе няспешна. Вяскоўцы займаюцца сваёй прысядзібнай гаспадаркай, агародамі. На некаторых падворках прысутнічаюць элементы ландшафтнага дызайну. Гэта можна ўбачыць ля хаты Івана Сцяпанавіча Саса. Тут і дэкаратыўны млын, і невялікая саджалка з лілеямі. А дом старасты Зароя, былога вайскоўца, кінолага Святаслава Паўлавіча Саса і ўвогуле носіць ганаровае званне “Дом узорнага парадку”. Тэрыторыя падворка ўпрыгожана кветкамі, таксама ёсць невялікая саджалка, побач з якой аблюбавалі гняздоўе буслы.
Ёсць у вёсцы і свая невялікая царква. Яна размяшчаецца ў звычайным драўляным доме. Калісьці ў ім жылі бабуля і дзядуля Ігара Ігнатавіча Каліноўскага — дырэктара Дварэцкага льнозавода. Пазней ён падарыў дом пад царкву. Службы ў ёй праходзяць па святах, праводзіць іх айцец Валерый Мануйла — святар з Наваельні.
За чысцінёй у царкве і ля яе сочыць Марыя Іосіфаўна Раманюк. “Так добра, што царква ёсць, — кажа жанчына. — Здараецца, цяжка на душы, дык мы сходзім, памолімся, — лягчэй становіцца. Нездарма ж кажуць, што без Бога — ні да парога”.
Некалі ў Зароі былі і свой клуб, магазін. Цяпер абодва будынкі пустуюць. Толькі раз-пораз, калі ў вёску прыязджаюць артысты, людзі збіраюцца ў Заройскім клубе — паслухаць душэўныя песні, найгрышы гармоніка і баяна. Адразу на душы весялей становіцца — узгадваецца маладосць, калі ў Зароі было яшчэ шмат людзей, калі вясковая моладзь на Купалле ішла паліць вогнішча на гару Кудзейку, а ў Вялікдзень жыхароў віталі песнямі кукольнікі — так у гэтых мясцінах называлі валачобнікаў.
Усё гэта назаўжды засталося ў памяці. І аб гэтым баліць душа, кажа Святаслаў Паўлавіч Сас. Як ураджэнец вёскі і яе нязменны стараста вось ужо на працягу больш за дзесяць гадоў, ён клапоціцца за тое, каб яго родныя мясціны працягвалі жыць, каб пра бацькоўскія хаты не забываліся дзеці, як мага часцей прыязджалі на сваю малую радзіму
А. ДУБРОЎСКАЯ