21 лістапада ў Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Таленты Дзятлаўскай зямлі”.
На выставе вы пазнаёміцеся з калекцыямі работ майстроў Дзятлаўшчыны, якія сваёй творчасцю ўносяць вялікі ўклад у захаванне і развіццё традыцыйнай народнай культуры. Нашы майстры працуюць ў аддзеле традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУК “Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Як распавядаюць нашы бабулі – раней усё трэба было зрабіць самім, сваімі рукамі – наткать і на абрусы, і на прасціны, і на ручнікі, і на мяшкі, і посцілкі выткаць. А мужчыны ўмелі гаршкі са збанамі зрабіць, і кошыкі сплесці.
Выставачная экспазіцыя пачынаецца дэманстрацыяй святочнага мужчынскага і жаночага народнага касцюма “строю” Дзятлаўшчыны.
Звесткі аб характэрных рысах мясцовага касцюма збіраліся спецыялістамі аддзела метадычнай работы ДУК “Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” па крупінках у шматлікіх экспедыцыях па вёсках Дзятлаўскага раёна, запісы аб якіх яны захоўваюць як рэліквію.
Дзятлаўскі “строй” адлюстроўвае настрой і характар працавітых і сціплых людзей, трохі вышыўкі – перапляценне ромбаў і дыяганаляў, паясок, просты крой, у астатнім, як і ў будзённы дзень, без лішніх дэталяў.
З мэтай нагадаць гісторыю рамёстваў беларускай вёскі, значнае месца на нашай выставе адведзена этнаграфічным экспанатам майстроў ткацтва – Марыі Мікалаеўны Касіла з вёскі Труханавічы, Соф’і Сямёнаўны Касцюк з в. Белякі і Ніны Сямёнаўны Ёдка з в. Погіры – жанчын той эпохі, спадчына якіх закранае сэрцы да сённяшніх дзён.
На выстаўцы інфармацыйна прадстаўлены абрад “Юр’е” в.Ахонава, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца першым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці.
Брэндавы сувенір Дзятлаўшчыны, выраблены нашымі майстрамі ў гонар гэтага абраду, утрымлівае часцінку “Юр’еўскага пояса”. Існуе павер’е, што кавалачкі пояса маюць сілу абярэгу.
Майстры аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў перадаюць свой вопыт і ўменне па розных традыцыйных відах мастацтва, такіх як вязанне кручком, ткацтва паясоў, вышыўка процягам і крыжыкам, лазапляценне і шмат іншага.
А зараз, давайце пазнаёмімся з майстрамі аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУК “Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Марына Лотыш – супрацоўніца аддзела, майстар па вязанні кручком, нарадзілася ў Рэспубліцы Казахстан і пераняла майстэрства ад сваёй бабулі Ульяны Ягунько, ўраджэнкі в. Блізная Пружанскага раёна. У 1998 годзе Марына Віктараўна вярнулася на сваю гістарычную радзіму. Яна выдатная майстрыца па вырабе розных сурвэтак, карункаў з непаўторнымі ўзорамі і перапляценнямі. А ў 2023 годзе яшчэ і пераняла майстэрства прадзення на калаўроце ад Марыі Мясаед з в. Аляхновічы.
Як пачатак адраджэння ткацтва ў нашы дні, прадстаўлена калекцыя паясоў Валянціны Гнаінскай – майстра па ткацтву паясоў, загадчыцы аддзела. Яшчэ маленькай дзяўчынкай яна дапамагала бабулі перакладваць дошчачкі на кроснах, трохі спрабавала ткаць посцілкі. Сёння па крупінках Валянціна збірае ўзоры майстрыц з мясцовых вёсак і перадае іх у тканых паясах.
Вольга Барабан на выстаўцы прадстаўляе наборы сурвэтак і ручнікоў, выкананых у тэхніках традыцыйнай народнай вышыўкі процягам і крыжыкам. Асабліва ўвагу прыцягваюць ручнікі, дзе злучыліся традыцыя і сучаснасць, беларускі арнамент і сучасная інкрустацыя карункамі.
Вырабы з лазы майстра Сяргея Балыкова заўсёды захопліваюць сваёй непаўторнасцю і палётам фантазіі.
Майстэрству Сяргей Аляксандравіч навучыўся самастойна шляхам проб і памылак. А калі ўбачыў, якім велізарным попытам і цікавасцю карыстаюцца яго такія розныя вазы, кошыкі, цукерніцы, хаткі для жывёл на розных выставах і фэстах, зразумеў, што знайшоў сваю справу жыцця.
У экспазіцыі дэманструюцца работы майстра па вышыўцы Таццяны Загорцавай, якая захавала прыгажосць народнай вышыўкі, маляўнічыя ўзоры і аздабленне ручнікоў карункамі. Таццяна Васільеўна нарадзілася на Палессі. Майстэрства вышыўкі пераняла ад маці. Са сваёй калекцыяй наведала выставы ў Мінску, Гродне, Лідзе, Наваградку і іншых кутках нашай радзімы, а таксама прымала ўдзел у рэспубліканскім праекце “Культурная спадчына Беларусі” па стварэнні мастацкага твора “Карта Беларусі”.
Усе майстры адлюстроўваюць саму назву нашай выстаўкі – “Таленты Дзятлаўскай зямлі” – сціплыя, таленавітыя, узгадаваныя нашай беларускай зямлёй, нашай Дзятлаўшчынай, якія дораць праз сваё мастацтва нам цеплыню сваіх сэрцаў.
Выстаўка будзе працаваць да 7 снежня. Шчыра запрашаем!
Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае