У пасёлку Казлоўшчына адбыўся сельскі сход пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, на якім абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх.

Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка расказаў аб прафілактычнай рабоце на тэрыторыі сельсавета, дзейнасці аглядавых камісій.

Намеснік начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Кухарчык агучыў статыстыку пажараў у раёне, закрануў актуальныя тэмы, звязаныя з бяспекай насельніцтва, патлумачыў розніцу паміж абмежаваннем і забаронай на наведванне лясоў, а таксама аб адказнасці за парушэнне правілаў.

Сяргей Іванавіч яшчэ раз засяродзіў увагу на тым, што пажарны апавяшчальнік павінен быць у кожнай кватэры і доме: у выпадку задымлення гэты маленькі прыбор можа выратаваць ваша жыццё.

Таксама ён расказаў, што толькі за апошнія выхадныя ў краіне патанула 13 чалавек. Трэба быць асцярожнымі на вадзе, каб не папоўніць гэту сумную статыстыку. На Дзятлаўшчыне толькі два дазволеныя месцы для купання – гарадскі пляж і вадаём на тэрыторыі санаторыя “Радон”, дзе дзяжураць супрацоўнікі АСВОДа.

Начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі адзначыў, што на фоне агульнага зніжэння ўзрозню злачыннасці ў раёне ўзрасла колькасць правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення.

Актуальнай застаецца праблема інтэрнэт-махлярства, а зламыснікі выдумваюць усё больш вынаходлівыя спосабы падману.

– У жніўні былі заведзены адразу дзве крымінальная справы па факце крадзяжу грошай з карткі з дапамогай камп’ютарных махінацый, – расказаў Вадзім Васільевіч. – Пацярпелыя спрабавалі аплаціць камунальныя паслугі з тэлефона не праз спецыяльны банкаўскі дадатак, а праз пошукавы радок браўзера. Яны патрапілі на фішынгавы сайт, спецыяльна створаны махлярамі, і страцілі свае грошы з карткі.

Выступоўца заклікаў грамадзян быць асабліва пільнымі і крытычнымі пры аплаце тавараў і паслугаў праз інтэрнэт, а таксама не паддавацца на інфармацыю ад ілжэработнікаў банка і лжэсупрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Канікулы заканчваюцца, а бяспека дзяцей застаецца з’явай пастаяннай, незалежна ад іх занятасці і пары года. Задача дарослых – пракантраляваць і дапамагчы зарыентавацца.

– Сфера адказнасці бацькоў за сваіх дзяцей не заканчваецца за межамі дома або кватэры: таму важна, каб бяспечнымі былі не толькі жылыя памяшканні, а і прысядзібны ўчастак, гаспадарчыя пабудовы, – адзначыла ў час выступлення метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Сіўко.

Яна папрасіла бацькоў да пачатку навучальнага года настроіць дзяцей на рабочы працэс, нагадаць ім правілы дарожнага руху.

Старшы майстар Дзятлаўскага РГЗ Іван Кавальчук пазнаёміў удзельнікаў сходу з новымі дзеючымі правіламі і тэрмінамі эксплуатацыі газакарыстальнага абсталявання. Патрабаванні сталі больш прынцыповымі, а пакаранне за іх парушэнне – істотным. Асаблівую ўвагу ён засяродзіў на выкарыстанні балонаў звадкаванага газу, якія цяпер чыпіраваныя і знаходзяцца на строгім уліку.

– Калі вы захочаце, напрыклад, пасмаліць кабанчыка, гэта нельга будзе зрабіць балонам звадкаванага газу, бо кожны з іх “прывязаны” да канкрэтнай газабалоннай устаноўкі, – патлумачыў Іван Часлававіч.

Ён расказаў аб няшчасных выпадках, якія адбыліся пры спробе самастойна разбіраць такія балоны і заклікаў ні ў якім разе не спрабаваць самім утылізаваць іх.

Аляксандр Бараноўскі падвёў вынікі сельскага сходу. Ён заклікаў жыхароў сельсавета быць адказнымі і ўважлівымі да сябе, сваіх дзяцей, на працы і дома. Ведаць правілы бяспекі і ніколі не грэбаваць імі.

На завяршэнне сустрэчы ратаўнікі прадэманстравалі ўдзельнікам сходу магчымасці пажарнай тэхнікі і расказалі аб службе.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации