Свой 80-ты дзень нараджэння святкуе Яўгенія Савань, ветэран працы сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, намеснік старшыні раённага савета ветэранаў працы галіны і райкама Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Цёплыя словы варта сказаць пра былую настаўніцу і намесніка дырэктара па выхаваўчай, а затым – па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, якая шмат гадоў жыцця прысвяціла любімай справе і сёння лічыць сябе шчаслівай, бо рэалізавалася ў прафесіі.
Амаль усё жыццё Яўгеніі Рыгораўны звязана са школай. Яе ўрокі заўсёды адрозніваліся глыбокай насычанасцю, разнастайным вучэбным матэрыялам, педагагічнымі знаходкамі, умелым спалучэннем індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходу да навучэнцаў.
Юбілярка за гады сваёй працы адзначана шматлікімі граматамі, дыпломамі, падзячнымі лістамі, юбілейным медалём “За доблесную працу”, знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”, ордэнам “Знак пашаны”. Таксама яе імя занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна.
Былая настаўніца сёння з’яўляецца частым госцем у школах раёна, на мерапрыемствах піянерскай дружыны сярэдняй школы №1, піянерскіх злётах, расказвае пра сваё дзяцінства, камсамольскае юнацтва, дзеліцца вопытам з маладымі настаўнікамі, педагогамі-арганізатарамі.
Яна па-ранейшаму бадзёрая, энергічная, жыццярадасная, любячая маці і клапатлівая бабуля.
Аксана ПАЦЫНОВІЧ:
– Калі я прыйшла ў школу працаваць, Яўгенія Савань была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Менавіта дзякуючы ёй, многія з нас, тады маладых спецыялістаў, сталі добрымі педагогамі. Бо з першага дня нас суправаджалі і накіроўвалі мудрыя парады дасведчанага настаўніка.
Аналіз наведаных урокаў яна заўсёды пачынала з таго, што атрымалася добра, а пра тое, што было не так, заўсёды гаварыла настолькі карэктна, што ў наступны раз так хацелася рэалізаваць усе парады завуча і апраўдаць усе яе надзеі. А яшчэ Яўгенія Рыгораўна ўмела падтрымліваць маладых педагогаў на ўроку сваім добрым поглядам і ўсмешкай. І тады ўвесь урок хацелася рабіць усё магчымае і немагчымае, каб толькі цябе пахвалілі.
У юбілейны дзень нараджэння працоўны калектыў сярэдняй школы №1 г. Дзятлава жадае Яўгеніі Рыгораўне моцнага здароўя, бадзёрасці духу, невычэрпных энергіі і энтузіязму.
Тамара КРАСЮК:
– Яўгенія Рыгораўна была настаўнікам маладых педагогаў. Падказвала розныя спосабы сумеснай дзейнасці настаўніка з вучнямі, як правільна пабудаваць урок, улічваючы ўзроставыя асаблівасці дзяцей, як выкарыстоўваць на ўроку індывідуальную работу.
Многія настаўнікі, якія працавалі з ёй, дасягнулі добрых вынікаў.
Яўгенія Рыгораўна і цяпер заўсёды знойдзе добрае слова, супакоіць і дасць параду. Яна мае здольнасць прымаць рашэнне ў любой сітуацыі, часам, здаецца, і ў бязвыхаднай.
За досыць вялікі перыяд працы Яўгенія Савань стварыла каля сябе выдатную, адказную каманду настаўнікаў. Таму ў школе заўсёды кіпела работа.
З юбілейным днём нараджэння вас, Яўгенія Рыгораўна! Моцнага вам здароўя!
Ядзвіга КІЙКО :
– Сыходзячы з райкама камсамола, Яўгенія Рыгораўна мела магчымасць кар’ернага росту па партыйнай лініі, але выбрала школу, тое, што падказвала сэрца. І не памылілася – гэта яе прызванне.
У школу №1 мы прыйшлі адначасова і выкладалі матэматыку ў паралельных класах.
Непрыкметна адносіны на рабоце перараслі ў сапраўдную дружбу, якая працягваецца да гэтага часу.
Калі Яўгенія Рыгораўна была прызначаная арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы, адразу жыццё ў школе прыкметна ажывілася. Яна ўмела вяла пошукавую работу, быў састаўлены летапіс камсамольскай і піянерскай арганізацый, працягвалася цеснае сяброўства з латвійскай школай, дзе вучыўся Герой Савецкага Саюза Я. Я. Фогель, збіраўся матэрыял аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны.
Затым яна стала завучам школы і ўгаварыла мяне заняць яе былую пасаду, на якой я працавала 20 гадоў. Вядома, без дапамогі сяброўкі я б не справілася.
Няхай кожны дзень юбіляркі будзе напоўнены радасцю, шчасцем, цеплынёй, любоўю і пяшчотай родных і блізкіх.
Раіса ГАНЧАРЭВІЧ:
– Высокае пачуццё абавязку і адказнасці, творчасць, бязмерная любоў да людзей, добразычлівасць і чуласць – вось тыя нешматлікія якасці, якія ўласцівы Яўгеніі Рыгораўне на грамадскай дзейнасці ў якасці намесніка старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы. Яна з’яўляецца ініцыятарам многіх добрых пачынанняў. Гэта і штогадовыя раённыя ўрачыстыя сустрэчы ветэранаў-педагогаў да Дня пажылых людзей, і выпуск артыкулаў аб настаўніках-юбілярах у раённым друку, і віншаванні з днём нараджэння кожнага пенсіянера, а іх больш за 300, і, вядома ж, падтрымка ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
Побач з Яўгеніяй Рыгораўнай зараджаешся яе энергіяй і цярпеннем.
Шаноўная Яўгенія Рыгораўна, хай ваша міласэрнасць, спачуванне і любоў да людзей вернуцца з такой жа сілай да вас.
Шчасця, здароўя вам.
Ірына ДАРАФЕЙЧЫК:
– Больш за 10 гадоў я працавала з Яўгеніяй Рыгораўнай у камандзе адміністрацыі школы: Яўгенія Рыгораўна – намеснікам дырэктара па вучэбнай, а я – па выхаваўчай рабоце. Нягледзячы на тое, што ў яе быў свой няпросты ўчастак работы, яна пастаянна дапамагала мне, з’яўлялася кансультантам і дарадцам па шматлікіх пытаннях кіраўніцкай дзейнасці.
Яна заўсёды імкнулася да аб’ектыўнасці ў ацэнцы працы педагогаў. Як мудры кіраўнік, ведала, каго трэба заахвоціць, а з кім проста пагаварыць і даць параду.
У яе адносінах з настаўнікамі, вучнямі, бацькамі заўсёды была строгая паслядоўнасць, патрабавальнасць. Патрабавальнасць спалучалася з павагай да асобы кожнага.
Прырода надзяліла яе невычэрпнай энергіяй, знаходлівасцю, сілай волі. Зламаць волю гэтай жанчыны немагчама, а з яе магічнага ўплыву на іншых застаецца толькі дзівіцца. У яе заўжды хапае часу і сілы дапамагаць іншым, перажываць за іх няўдачы, радавацца іх поспехам.
Хочацца пажадаць Яўгеніі Рыгораўне моцнага здароўя, дабрабыту, міру і гармоніі ў душы, аптымізму на доўгія гады.
Вольга ГАЛАДНОВА:
– Яўгенія Савань – педагог ад Бога.
Гавару гэта з упэўненасцю, бо і на сабе адчувала цудоўную сілу педагагічнага таленту Яўгеніі Рыгораўны, з якой, дзякуючы лёсу, працавала ў камандзе кіраўніцтва СШ №1 горада Дзятлава.
Пры яе непасрэдным удзеле работа школы планавалася і арганізоўвалася з улікам усіх рэзерваў настаўнікаў, вучняў, бацькоўскай грамадскасці, для дасягнення высокіх вынікаў у навучанні і выхаванні школьнікаў.
Неаднаразова гонар педагогаў раёна абаранялі вучні школы на рэспубліканскіх алімпіядах. Выпускнікі школы дастойна праходзілі іспыты ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
У час вашага шаноўнага юбілею, Яўгенія Рыгораўна, жадаю вам паўнацэннага даўгалецця. Няхай вышэйшыя сілы падораць вам здароўе, спакой за дзяцей, унукаў і ўдзячнасць ад людзей, якім вы так шчыра аддаяце сваю цеплыню, сардэчнасць, любоў.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Стоит почитать:
1 Комментарий
Поздравляю Евгению Григорьевну с юбилеем! Здоровья Вам и долгой жизни!
От Михаила Гольдберга -сына Иды МИроновны- шлю Вам самые лучшие пожелания!