Асноўныя патрабаванні заканадаўства ў гэтым кірунку патлумачыў галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Віктар Жалнерчык:

– Грамадзяне падаюць заяву аб прыняцці на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў па месцы жыхарства ў адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, у нашым раёне – у службу “Адно акно” райвыканкама.

Цяпер на ўліку ў райвыканкаме знаходзіцца 534 чалавекі, у асобны спіс на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання ўключаны 148 грамадзян.

На працягу 2021 года на ўлік прынята 86 чалавек, знята з уліку – 16.

Спецыялістамі аддзела штогод з 1 лютага па 1 мая ўдакладняюцца даныя, якія з’яўляюцца падставамі для захавання права грамадзян знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, штогод да 1 красавіка ўдакладняюць даныя аб дзецях-сіротах і дзецях, якія засталіся без папячэння бацькоў, асобах з іх ліку, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.

Згодна з артыкулам 45 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзяне знімаюцца з уліку ў выпадку:

– калі адпалі падставы для прызнання іх маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Пры гэтым зняцце з уліку ў выпадку добраахвотнага волевыяўлення для паляпшэння жыллёвых умоваў у іншым населеным пункце ажыццяўляецца пасля дзяржаўнай рэгістрацыі права ўласнасці на жылое памяшканне або заключэння дагавора, які прадугледжвае перадачу дольшчыку ва ўладанне і карыстанне аб’екта долевага будаўніцтва;

– выезду на месца жыхарства ў іншы населены пункт, за выключэннем выпадкаў, калі яны знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў у дзяржаўным органе, іншай арганізацыі, якія знаходзяцца ў гэтым населеным пункце, і не спынілі з імі працоўных (службовых) адносінаў;

– спынення працоўных (службовых) адносінаў з дзяржаўным органам, іншай арганізацыяй, у якіх яны знаходзіліся на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктам 1 артыкула 47 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

– прадастаўлення неадпаведных рэчаіснасці звестак ці неправамерных дзеянняў (бяздзеяння) адказных асобаў, якія паслужылі падставамі для прыняцця гэтых грамадзян на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў;

– падачы грамадзянінам заявы аб зняцці з уліку, падпісанай ім і паўналетнімі членамі яго сям’і;

– непрадастаўлення, згодна з пунктам 2 артыкула 44 Жыллёвага кодэкса неабходных дакументаў;

– добраахвотнага волевыяўлення грамадзян і членаў іх сем’яў на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё жылых памяшканняў агульнай плошчай менш за 15 квадратных метраў (у Мінску – менш за 10) на аднаго чалавека з выкарыстаннем ільготнага крэдыту, субсідыі на ўплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі, выданымі банкамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых памяшканняў, субсідыі на пагашэнне асноўнай пазыкі па гэтых крэдытах. Пры гэтым зняцце з уліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў ажыццяўляецца пасля дзяржаўнай рэгістрацыі права ўласнасці на жылое памяшканне;

– адчужэння з захаваннем патрабаванняў заканадаўства зямельнага ўчастка, прадастаўленага пасля 1 студзеня 2011 года грамадзяніну ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі як таму, хто знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў;

– адмоваў (не менш за тры на працягу каляндарнага года) ад прапанаванага ва ўстаноўленым парадку прадастаўлення жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання (у выпадку наяўнасці ў грамадзян права на прадастаўленне такіх памяшканняў) ці адмоваў (не менш за тры на працягу каляндарнага года) ад прапануемых ва ўстаноўленым парадку ўступлення ў арганізацыю забудоўшчыкаў або заключэння дагавора куплі-продажу жылога памяшкання, будаўніцтва якога ажыццяўлялася па дзяржаўным заказе (у выпадку адсутнасці ў грамадзян права на прадастаўленне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання), за выключэннем ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы ў перыяд яе праходжання;

– выяўлення ў час удакладнення даных, якія з’яўляюцца падставай для захавання права грамадзян знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, фактаў, якія пацвярджаюць непражыванне грамадзян па месцы іх рэгістрацыі па месцы жыхарства ў інтэрнатах, жылых памяшканнях прыватнага жыллёвага фонду па дагаворы найму жылога памяшкання, дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) жылога памяшкання (за выключэннем выпадкаў, калі ў грамадзян ёсць іншыя падставы састаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў);

– перадачы грамадзянамі, якія ажыццяўляюць будаўніцтва ў саставе арганізацыі забудоўшчыкаў, права на паеназапашанне членам сям’і ці іншым асобам або ўступкі грамадзянамі, якія заключылі дагаворы стварэння аб’екта долевага будаўніцтва пры будаўніцтве жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі і (ці) абмежаванай прыбыткам забудоўшчыка, права патрабавання па такім дагаворы членам сваёй сям’і, якія сумесна ажыццяўляюць будаўніцтва жылога памяшкання;

– смерці грамадзяніна, які знаходзіўся на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, за выключэннем выпадкаў, калі права стаяць на ім захоўваецца за членамі сям’і гэтага грамадзяніна паводле артыкула 48 Жыллёвага кодэкса.

Грамадзяне належаць аднаўленню на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў  з даты першапачатковага прыняцця на ўлік пры ўмове прадастаўлення імі дакументаў, якія пацвярджаюць захаванне падставаў для знаходжання на ўліку.

Зняцце грамадзян з уліку ажыццяўляецца па рашэнні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, кіраўніка (упаўнаважанай ім асобы) іншага дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі сумесна з прафсаюзным камітэтам (пры яго наяўнасці), якія прынялі іх на ўлік. Аб прынятым рашэнні грамадзяніну паведамляецца ў пісьмовай форме ў дзесяцідзённы тэрмін з даты яго прыняцця з пазначэннем падставаў для зняцця з уліку.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации