Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2025 года № 648 “Аб мерах па рэалізацыі дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва” зацверджана Палажэнне аб парадку ўліку даходаў і разліку сярэднедушавога дахода сям’і (грамадзяніна) для прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.
Больш падрабязна патрабаванні нарматыўнага дакумента патлумачыла галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Чарняк:
– Пастановай актуалізаваны парадак разліку даходаў для атрымання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.
Так, для сям’і ён вызначаецца шляхам дзялення сумы даходаў усіх членаў на 12 месяцаў (3 месяцы – пры звальненні ў сувязі з ліквідацыяй) і на колькасць членаў сям’і, уключаных у яе састаў.
Для грамадзяніна – шляхам дзялення сумы яго даходаў на 12 месяцаў (3 месяцы – пры звальненні ў сувязі з ліквідацыяй).
Пералік даходаў, якія ўлічваюцца, не змяніўся і ўключае ўсе асноўныя іх віды: заработную плату, пенсіі, стыпендыі, даходы ад прадпрымальніцтва, аліменты, матэрыяльную дапамогу і іншыя. Нагадаю, што дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прадастаўляецца ў выглядзе: па-першае, штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльных дапамог на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў, адзення, абутку, школьных прылад і на іншыя патрэбы для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці; па-другое, сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі расходаў на набыццё падгузнікаў (трусікаў), упітваючых прасцін (пялюшак), уралагічных пракладак (укладышаў); па-трэцяе, у выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.
Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца пры ўмове, што сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за крытэрый патрэбы (з 1 лістапада 2025 года гэта 491,09 рубля).
Шматдзетным сем’ям такая дапамога прадастаўляецца, калі сярэднедушавы даход не большы за 1,15 велічыні крытэрыю патрэбы (з 1 лістапада 2025 года – 564,75 рубля).
Аднаразовая сацыяльная дапамога прадастаўляецца, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю пры ўмове, што сярэднедушавы даход не большы за 1,5 велічыні крытэрыю патрэбы (з 1 лістапада 2025 года – 736,64 рубля).
Сацыяльная дапамога на набыццё падгузнікаў (трусікаў), упітваючых прасцін (пялюшак), уралагічных пракладак (укладышаў) прадастаўляецца незалежна ад велічыні даходу сям’і дзецям-інвалідам, якія маюць 4-ю ступень страты здароўя, і інвалідам І групы на падставе праграмы рэабілітацыі або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб патрэбе ў рэчах гігіены пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць расходы на іх набыццё.
Забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця прадугледжана для сем’яў, дзе даход ніжэйшы за крытэрый патрэбы (з 1 лістапада 2025 года – 491,09 рубля). Пры нараджэнні двайнят і больш дзяцей адначасова гэты від дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі прадастаўляецца незалежна ад узроўню даходу.
Заява аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі падаецца грамадзянінам у службу “адно акно” райвыканкама ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання).
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56, каб. 2, а таксама па тэлефоне 3-03-20.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga