Добрыя звычкі важна развіваць з дзяцінства, таму ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава вялікую ўвагу надаюць выхаванню ў хлопчыкаў і дзяўчынак беражлівасці. Да Сусветнага дня энергазберажэння і Года народнага адзінства ў навучальнай установе быў прымеркаваны тэматычны тыдзень.

Так, выхаванцы сярэдняй узроставай групы разам з педагогам адправіліся ў казачную краіну Эканомію, дзе праз загадкі, гульні, наглядныя падказкі і інтэлектуальную работу пазнаёміліся з базавымі правіламі энергазберажэння. – Электрычная, цеплавая энергія і вада могуць закончыцца, калі мы не навучымся берагчы прыродныя рэсурсы, – растлумачыла дзецям вопытная выхавальніца-метадыст Галіна Хрэшчановіч у ходзе заняткаў. Замацаваннем новых ведаў стала развучванне вершаваных радкоў па тэме: “Я берагу і я ганаруся, што будзе квітнець наша Беларусь”.

Чэлендж па энергазберажэнні падхапілі выхаванцы старэйшай групы садка, разам з выхавальніцай склалі і прачыталі вершы пра тое, як правільна эканоміць энергію. На працягу года яны вядуць даследчую работу, пры дапамозе дарослых абараняюць праекты па энергазберажэнні. Для дзяцей і іх бацькоў у фае цэнтра размешчана фоталітаратурная выстава па дадзенай тэме.

– Наша навучальная ўстанова другі год запар рэалізуе інавацыйную праграму “Асновы эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. У межах яе выхаванцы знаёмяцца з эканамічнымі паняццямі, вучацца беражлівасці, самастойнасці, працавітасці. У гэтым нам дапамагаюць навучальныя і гульнёвыя заняткі, экскурсіі, сумесныя праекты, – расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД № 2 горада Дзятлава Марына Янушкевіч. – Адным з вялікіх блокаў праграмы з’яўляецца сістэмная работа па выхаванні асноў культуры энергазберажэння. Напрыклад, у мінулым годзе дзеці ставілі мюзікл па матывах казкі Карнея Чукоўскага “Фядорына гора” пра тое, як важна эканоміць ваду. Кожны год мы ўдзельнічаем у энергамарафоне, дзе станавіліся прызёрамі ў намінацыях “лістоўка”, “плакат” і “відэаролік”. Работа ў дадзеным напрамку будзе прадоўжана.

Педагагічны калектыў ДЦРД № 2 горада Дзятлава робіць нямала для таго, каб сфарміраваць у дзяцей беражлівасць і клопат да прыроды. А тое, наколькі эфектыўна прыжывуцца добрыя звычкі, залежыць ад традыцый у сям’і кожнага выхаванца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Предыдущая новость

Похожие публикации