Пачынаць сваю прафесійную кар’еру на Дзятлаўшчыне ў 2024 годзе прыехалі 23 маладыя спецыялісты сферы медыцыны. Кіраўніцтва раёна пастаралася стварыць для іх максімальна спрыяльныя ўмовы, каб старт у прафесію для маладых медыкаў быў паспяховым.
Сярод гэтых прадстаўнікоў самай гуманнай і запатрабаванай прафесіі – наша зямлячка Ілона Чайкоўская. Пасля шасці гадоў навучання ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, яшчэ аднаго года інтэрнатуры ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы Ілоне Ігараўне даверылі кіруючую пасаду загадчыцы Новаяльнянскай гарадской бальніцы, заадно як доктар-тэрапеўт яна лечыць пацыентаў, якія ляжаць у стацыянары гэтай медустановы.

– Няпроста, але спраўляюся, – расказала маладая доктар. – Шчыра кажучы, яшчэ ў час вучобы ведала, што вярнуся на малую радзіму і дакладна адпрацую на Дзятлаўшчыне першыя пяць гадоў, паколькі паступала на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Праўда, была ўпэўнена, што вакансію прапануюць у райцэнтры, бо тут жывуць мае бацькі, аднак на справе склалася па-іншаму. Вядома ж, была ўзрушана прапановай заступіць на пасаду загадчыцы: адольвалі сумненні, ці спраўлюся, ці змагу. Пры падтрымцы адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы, майго непасрэднага куратара Наталлі Літвінскай, прафесіянала з важкім стажам Інэсы Гусевай, іншых калегаў рабіла свае першыя крокі на кіруючай пасадзе. Безумоўна, па першым часе хацелася, каб побач знаходзіўся хто-небудзь са старэйшых і больш вопытных калегаў, хто падказваў бы, накіроўваў, даваў прафесійныя парады, але мне такі шанц не выпаў, затое цяпер ужо смялей прымаю адказныя рашэнні, дзейнічаю больш самастойна.
Цікава было даведацца ў Ілоны Ігараўны, што прывяло яе ў медыцыну.

– Класе ў дзявятым пачала задумвацца аб жыццёвым выбары, – прызналася наша зямлячка. – Медыкаў у маёй сям’і няма, аднак хацелася дапамагаць людзям, была і глыбокая зацікаўленасць, як функцыянуе чалавечы арганізм, за якія працэсы адказваюць яго органы і сістэмы, чаму адбываюцца збоі, узнікаюць захворванні. Пра ўсё гэта спаўна даведалася на лячэбным факультэце медыцынскага ўніверсітэта. Першыя тры курсы было няпроста, пакуль запаміналі вялікія аб’ёмы тэарэтычнай інфармацыі, фарміравалі клінічнае мысленне, потым стала лягчэй. Лічу, што грунтоўную базу мне дала Гродзенская ўніверсітэцкая клініка. Адбылося поўнае пагружэнне ў прафесію: пабачыла шмат самых неспадзяваных і няпростых выпадкаў, клінічныя карціны хваробаў, асаблівасці іх цячэння – усё гэта той вопыт, без якога працаваць доктарам цяжка.
Як ні дзіўна, але і Ілона Чайкоўская, і Новаяльнянская гарадская бальніца, якую яна ўзначальвае, цяпер перажываюць важны і адказны перыяд. Для нашай маладой зямлячкі – гэта своеасаблівы жыццёвы экзамен, як быць выніковай у адказнай і няпростай рабоце, стварыць спрыяльны клімат у калектыве, у саставе якога не толькі маладыя работнікі, але і прафесіяналы з важкім стажам, спраўляцца са шматзадачнасцю. Для гарпасялковай бальніцы – пачынаецца перыяд вялікай рэканструкцыі, у выніку якой гэта ўстанова аховы здароўя набудзе сучасны выгляд, займее новае абсталяванне, стане камфортнай для пацыентаў і медработнікаў.

– Прыемна, што наша Новаяльнянская бальніца ўваходзіць у стадыю абнаўлення, – разважае загадчыца ўстановы. – Для гарадскога пасёлка і зоны абслугоўвання яна даволі запатрабаваная: па даных на 1 студзеня 2024 года наша ўстанова аховы здароўя абслугоўвае больш за чатыры тысячы жыхароў. Людзі актыўна наведваюць паліклініку, карыстаюцца дзённым стацыянарам, многія не хочуць для праходжання лячэння ехаць у райцэнтр, бо па месцы жыхарства зручней. Зразумела, калі выпадак экстранны ці складаны і без кансультацыі вузкага спецыяліста не абысціся, мы выдаём адпаведныя накіраванні, а стабільных хворых лечым самі. Думаю, у перспектыве, пасля перааснашчэння з’явіцца яшчэ больш магчымасцяў для аказання новаяльнянцам якаснай медыцынскай дапамогі.
Увогуле, Ілона Чайкоўская ўпэўнена глядзіць у будучыню, і на маё класічнае для маладых спецыялістаў пытанне, кім бачыце сябе праз дзесяць гадоў, адказвае:
– Без сумнення, доктарам, магчыма, больш вузкай спецыялізацыі, якой менавіта, пакуль не вызначыла, аднак маю стойкае жаданне развівацца ў выбранай прафесіі, тэрапія – надзейная база, якая дазваляе гэта рабіць, ды і першая практыка работы на перыферыі – гэта каштоўны вопыт, самастойнасць, адказнасць, у такіх установах, як наша, можна многаму навучыцца, стаць запатрабаваным, умелым спецыялістам.
Умовамі работы, створанымі на Дзятлаўшчыне для маладых медыкаў, Ілона Чайкоўская поўнасцю задаволена. Расказвае, што прынялі добра, для зручнасці прапаноўвалі арэндную кватэру ў Наваельні, ад якой адмовілася.

– Для мяне важна праводзіць вечары разам са сваімі блізкімі, адчуваць падтрымку бацькоў, дзяліцца з імі падзеямі, якія адбыліся за дзень, раіцца, размаўляць, – падкрэслівае дзяўчына. – А паколькі я ваджу машыну, то ў любы момант магу сесці за руль, выехаць у райцэнтр ці Наваельню, таму асаблівых праблем, як мне дабірацца на работу, не бачу.
Адпачываць Ілона Чайкоўская таксама любіць у акружэнні сям’і і блізкіх, расказвае, што па добрай традыцыі яны разам ходзяць у паходы з начоўкай, сплаўляюцца на байдарках, проста збіраюцца на сямейныя ўрачыстасці.
Школьнікам, якія толькі пачынаюць задумвацца аб будучай прафесіі, Ілона Ігараўна раіць выбіраць медыцыну выключна па закліку душы, паколькі гэта сфера патрабуе не толькі грунтоўных ведаў, але і шчырага гуманізму, любові да людзей, умення размаўляць з імі і падтрымліваць добрым словам, бо і яно здольна лячыць. Прафесія медыка наколькі высакародная, настолькі і адказная, бо ад прафесіяналаў у белых халатах залежыць здароўе, а нярэдка і жыцці людзей.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае