15 лютага 2021 года споўнілася 32 гады з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Закончылася вайна, якая пачалася без абвяшчэння і доўжылася 9 гадоў. Вайна, у якой загінулі больш за 14 тысяч савецкіх воінаў, больш за 22 тысячы салдат вярнуліся з раненнямі.

Мітынг адкрыў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён нагадаў, што дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана – даніна памяці ўсім, хто мае дачыненне да гераічнай і трагічнай афганскай вайны.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі ўзгадаў пра нашых землякоў, якім давялося прыняць удзел у апошняй вайне Савецкага Саюза.

– Мы ніколі не забудзем пра тое, што 130 ураджэнцаў Дзятлаўшчыны выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. З іх 22 узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, 7 – “За адвагу”, 4 – “За адзнаку ў воінскай службе” ІІ ступені, 9 – “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы”. Пяць нашых землякоў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі за праяўленыя адвагу і доблесць, двое з іх – пасмяротна. Гэта Аляксандр Шылаў з гарпасёлка Наваельня і Дзмітрый Лазовік з вёскі Малая Палонка. Памяць нашых землякоў і ўсіх салдат, якія загінулі ў Афганістане і памерлі ў пасляваенны час, ушанавалі хвілінай маўчання.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец засяродзіў увагу на сучасным і будучым значэнні подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў:

– Сёння, калі час няўмольна імкнецца наперад і ўсё менш застаецца з намі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, менавіта вам, воінам-інтэрнацыяналістам, трэба пераймаць эстафету ў справе патрыятычнага выхавання моладзі, зрабіць усё магчымае для таго, каб чорныя хмары вайны ніколі не згусціліся над нашай роднай Беларуссю. Ад усёй душы жадаю вам здароўя, сапраўднага баявога братэрства. Шчасця і спакою вашым сем’ям і мірнага неба над галавой.

Эстафету памяці перанялі вучні сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якія прысвяцілі воінам-афганцам шчырыя словы і пранікнёную песню.

Напрыканцы мітынга-рэквіема прысутныя ўсклалі вянкі і гірлянды да помніка воінам-інтэрнацыяналістам.

Наталля АВЯРЧУК

Похожие публикации