Лаўрэатам трэцяй ступені абласнога конкурсу адукацыйных праектаў “Свет адкрыццяў” стаў праект Гезгалаўскага дзіцячага сада для групы інтэграванага навучання “Усё пра грошы”, кіраўнік Алена Лукіянец.
– Конкурс ладзіўся ў рамках штогадовага абласнога метадычнага форуму для спецыялістаў установаў дашкольнай адукацыі Гродзеншчыны, – расказала Алена Іосіфаўна. – Тэма гэтага года была новай для ўсёй краіны, бо рэалізуецца яна з верасня 2024 года і гучыць як “Фарміраванне асноў функцыянальнай адукаванасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. Разам з тым за гэты навучальны год мы паспелі распрацаваць і ўкараніць у адукацыйны працэс установы праект для групы інтэграванага навучання “Усё пра грошы”, які адразу ў рамках раённага метадычнага форуму “Вопыт і ініцыятыва 2025 года” прадставілі на Дзятлаўшчыне, затым былі дапушчаны да ўдзелу ў абласным конкурсе.
Праходзіў ён у завочна-вочным фармаце. Спачатку сярод 32 праектаў установаў дашкольнай адукацыі Прынёмання былі выбраны сем лепшых, а затым нас запрасілі на абласны фінал, дзе і заваявалі званне лаўрэатаў трэцяй ступені.
Чым работа “Усё пра грошы” зацікавіла журы? Сваім выхаванцам мы не проста расказвалі, навошта патрэбны грошы, але і вучылі дзяцей рацыянальна імі распараджацца. Увогуле, фарміраванне навыкаў дваццаць першага стагоддзя – гэта ключавы элемент сучаснай адукацыі. Ва ўмовах прагрэсу, які вельмі хутка мяняе навакольны свет, важна не толькі перадаваць веды, але і развіваць у дзяцей крытычнае мысленне, крэатыўнасць, навыкі камунікацыі і кааперацыі, гнуткасць, адаптыўнасць, інфармацыйную адукаванасць і эмацыйны інтэлект. Укараненне розных методык і падыходаў у адукацыйны працэс, такіх як праектная дзейнасць, творчыя заданні, групавыя праекты, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, спрыяе эфектыўнаму развіццю падобных навыкаў. Дзеці, якія валодаюць гэтымі кампетэнцыямі, больш упэўненыя ў сабе і гатовы да вырашэння складаных задач, здольны ўдзельнічаць у жыцці грамадства.
– Мы вельмі актыўна папрацавалі над асваеннем тэмы фарміравання функцыянальнай адукаванасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту ў метадычнай сетцы Дзятлаўскага раёна, вывучылі тэарэтычныя і практычныя аспекты работы, – адзначыла метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук. – У выніку прыйшлі да абароны праектаў на ўзроўні раёна. У Гродне на абласным метадычным форуме для спецыялістаў установаў дашкольнай адукацыі перад калегамі з розных куткоў Прынёмання прэзентавалі праект “Усё пра грошы”, а таксама вопыт работы па фарміраванні асноваў камунікацыі па сродках рухомай гульні. Гэта паспяховыя ініцыятывы розных установаў нашага раёна.
Ірына СТЫРНІК
Фота ўдзельнікаў
#образование #Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае