Якім бы складаным ні было жыццё, у ім заўсёды ёсць месца для творчасці. Гэту простую ісціну ў чарговы раз пацвердзілі ўдзельнікі абласнога конкурсу-фестывалю творчасці інвалідаў па зроку “Сердцем видим, творим, здравствуем”, які нядаўна праходзіў у Гродне.
У актавай зале абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” сабраліся прадстаўнікі пярвічных раённых арганізацый. Конкурс-фестываль быў скіраваны на развіццё творчасці інвалідаў як адзін з найважнейшых спосабаў іх рэабілітацыі і адаптацыі ў грамадстве. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі цікава правесці час, наладзіць стасункі з равеснікамі з іншых раёнаў вобласці, знайсці сяброў і проста далучыцца да культуры.
Дзятлаўскую раённую арганізацыю ГА “БелТІЗ” у Гродне прадстаўляў ужо вядомы ў нашым раёне ўдзельнік і прызёр многіх творчых конкурсаў Віталь Крэйдзіч. Падтрымаць сына ў час выступлення прыехала старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Святлана Пятроўна Крэйдзіч.
Канкурсанты павінны былі падрыхтаваць адзін творчы нумар для любой з конкурсных намінацый — “Фальклор”, “Народныя спевы”, “Акадэмічныя спевы”, “Эстрадныя спевы”, “Бардаўскае выкананне”, “Інструментальнае выкананне”, “Тэатральныя мініяцюры”, “Мастацкае чытанне”.
Віталь Крэйдзіч выступаў у намінацыі “Эстрадныя спевы” з песняй Ігара Саруханава “Музыка”. Журы высока ацаніла выступленне канкурсанта з Дзятлаўшчыны. Дахаты Віталь Крэйдзіч вярнуўся з дыпломам лаўрэата конкурсу-фестывалю “Сердцем видим, творим, здравствуем” першай ступені.
Раённая арганізацыія ГА “БелТІЗ” дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкусу загадчыцы аддзела культуры і адпачынку “Гезгалаўскі дом культуры” Святлане Анатольеўне Русак.
І. КАЎКЕЛЬ