Яго тэмы: “Ахова мацярынства і дзяцінства – важнейшы прыярытэт дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі”, “Папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх у пажаранебяспечны асенне-зімовы перыяд”.

Шэсць раённых інфармацыйна-прапагандысцкіх груп наведалі працоўныя калектывы.

Абласная інфармацыйная група на чале з генеральным дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзімірам Семенюком і начальнікам упраўлення дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандрам Собалем сустрэлася ў Дзятлаве з працоўным калектывам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

З інфармацыяй па ахове мацярынства і дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь перад прысутнымі выступіла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Чайкоўская. У прыватнасці, яна адзначыла, што ў нашай краіне ахова мацярынства і дзяцінства скіравана на стварэнне дзяржавай неабходных і спрыяльных магчымасцяў для нараджэння, выжывання і абароны дзяцей, іх паўнавартаснага развіцця, а таксама рэалізацыі сям’ёю сваіх функцый у жыцці грамадства.

Развіццё сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі прадугледжана Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, яе практычнае ажыццяўленне вядзецца і ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады.

У Беларусі наладжана сістэма дыспансерызацыі насельніцтва, у тым ліку дзяцей і цяжарных жанчын. Штогод праводзяцца медыцынскія прафілактычныя агляды дзяцей. Па выніках прафілактычных аглядаў дзяцей ва ўзросце да 17 гадоў першую і другую групы здароўя маюць 86,5 працэнта дзяцей (у Гродзенскай вобласці – 89,7 працэнта). Гэтыя групы складаюць абсалютна здаровыя дзеці і дзеці, якія маюць функцыянальныя адхіленні ў стане здароўя.

У трэцяй групе здароўя – 12 працэнтаў дзяцей (у Гродзенскай вобласці – каля 8,7 працэнта). Трэцюю групу складаюць дзеці з хранічнымі захворваннямі, але без парушэння самаадчування.

У чацвёртай групе дзеці з інвалідызіруючымі захворваннямі, па краіне іх 1,5 працэнта, па Гродзенскай вобласці – 1,6 працэнта.

Для аказання медыцынскай дапамогі цяжарным жанчынам і нованароджаным у Беларусі створана рознаўзроўневая сістэма аказання перынатальнай дапамогі, якая аб’ядноўвае сетку рода дапаможных установаў і дзіцячых бальніц. На пачатак 2017 года ў краіне дзейнічалі 107 родадапаможных установаў (у Гродзенскай вобласці – 11).

У апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці родаў без узнікнення складанасцяў. Паводле даклада за 2016 год Фонда ААН у сферы народанасельніцтва (ЮНФПА), узровень мацярынскай смяротнасці ў Беларусі быў самы нізкі з усіх краін СНД. У Гродзенскай вобласці з 2008 года выпадкаў мацярынскай смяротнасці няма. Па гэтым паказчыку Беларусь апераджае вялікую колькасць краін, у тым ліку высокаразвітыя Аўстралію, Бельгію, Ізраіль, Канаду, Нарвегію, Партугалію, ЗША, Японію.

Прафілактычнымі прышчэпкамі ахоплены 98 працэнтаў дзяцей.

Сведчаннем клопату дзяржавы пра здароўе дзяцей з’яўляецца рэалізацыя мерапрыемстваў па іх аздараўленні. Гэтым летам у 6089 летніках розных тыпаў адпачылі і ўмацавалі здароўе больш за 366 тысяч школьнікаў.

Разам з тым у Беларусі адзначаецца даволі высокі ўзровень смяротнасці дзяцей і падлеткаў ад “знешніх прычын” – 22 працэнты дзіцячых смерцяў прыходзіцца на няшчасныя выпадкі, траўмы і атручэнні. У 2012 годзе з ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя распрацавана і зацверджана Стратэгія прафілактыкі дзіцячага траўматызму. Важным кірункам дзейнасці з’яўляецца прафілактыка наркалагічных залежнасцяў сярод непаўналетніх і аказанне ім спецыялізаванай псіхіятрычнай і наркалагічнай дапамогі.

У апублікаваным арганізацыяй “Save the Children” (“Выратуем дзяцей”) рэйтынгу “Індэкс мацярынства-2015” Беларусь заняла 25 месца са 179 краін свету і прызнана краінай, якая камфортная для мацярынства.

Заканадаўства Беларусі забяспечвае дзейсную сістэму сацыяльнай абароны маці і дзіцяці. Для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, прадугледжаны 11 відаў дзяржаўных дапамог. Самая значная з іх – дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, якая вызначана на ўзроўні 35-40 працэнтаў ад сярэднямесячнага заработку па краіне. На 1 жніўня 2017 года сярэдняя дапамога складала каля 300 рублёў. Пры нараджэнні першага дзіцяці аднаразовая выплата складае 1976 рублёў, пры нараджэнні другога і наступных – 2766 рублёў.

Агульная колькасць дзяцей, на якіх выплачваюцца дзяржаўныя дапамогі, на 1 ліпеня 2017 года склала 553 тысячы чалавек – гэта каля 2 працэнтаў валавога ўнутранага прадукта краіны.

Сацыялагічныя даследаванні Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, праведзеныя ў жніўні 2017 года, засведчылі, што 2/3 рэспандэнтаў станоўча ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі ў дачыненні нараджэння дзяцей.

 

З інфармацыяй пра небяспеку пажараў у асенне-зімовы перыяд выступіў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС Дзмітрый Канапліцкі. За 9 месяцаў 2017 года ў Беларусі адбыліся 3895 пажараў (у 2016 годзе – 4050), загінулі 309 чалавек, 4 дзяцей (у 2016 годзе – 330 чалавек, 6 дзяцей).

У Гродзенскай вобласці адбылося 538 пажараў (у 2016 годзе – 593), выяўлены загінулымі 30 чалавек (у 2016 – 33).

Асноўным месцам узнікнення пажараў з гібеллю людзей застаецца жылы сектар. Асноўная прычына гібелі – неацярожнасць пры курэнні. У агні пераважна гінуць людзі сталага ўзросту з-за сваёй ці чужой звычкі курыць у ложку, нярэдка – выпіўшы.

За 9 месяцаў 2017 года з-за неасцярожнага курэння загінулі 27 чалавек, 19 з іх напярэдадні пажара былі выпіўшымі.

Сёлета ў вобласці зафіксаваны 12 пажараў з-за дзіцячага свавольства з агнём (летась – 14).

За 9 месяцаў 2017 года здарылася  97 “пячных” пажараў. Больш за палавіну з іх – у хатах састарэлых людзей. З надыходам халоднай восені колькасць “пячных” пажараў павялічваецца, таму важна своечасова паклапаціцца пра ўласную бяспеку і бяспеку блізкіх людзей, адрамантаваўшы печы і правільна імі карыстаючыся.

Дарэчы, аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі з 2002 года выратавалі ў нашай краіне каля 2000 чалавек, у 2016 годзе – 74 (у тым ліку 15 дзяцей). Гэта паводле афіцыйнай статыстыкі. У Гродзенскай вобласці апавяшчальнікі сёлета дапамаглі выратавацца 15 чалавекам, 4 з іх – дзеці.

Генеральны дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзімір Семянюк засяродзіў увагу прысутных на актуальных праблемах бяспекі лесакарыстання, папярэджання лясных пажараў, адзначыў, што гэтым часам няма ніякіх абмежаванняў для набыцця лесаматэрыялаў для будаўніцтва і забеспячэння драўняным палівам.

З інфармацыяй па ахове мацярынства і дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь перад прысутнымі выступіла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Чайкоўская.

З інфармацыяй пра небяспеку пажараў у асенне-зімовы перыяд выступіў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС Дзмітрый Канапліцкі.

Генеральны дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзімір Семянюк засяродзіў увагу прысутных на актуальных праблемах бяспекі лесакарыстання, папярэджання лясных пажараў.

Б. Варна

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации