У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла прайшоў традыцыйны раённы калядны турнір па валейболе.
У ім спаборнічалі каманды гімназіі № 1, сярэдняй школы № 1 імя А. М. Чурыла і сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.
Павіталі ўдзельнікаў спаборніцтваў і пажадалі ім паспяховай гульні благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель, клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай іерэй Аляксей Сцепановіч, метадыст раённага метадычнага кабінета Наталля Пазняк, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Аксана Пацыновіч.
– Не мяняючы добрай традыцыі, у гэтыя святыя дні Нараджэння Хрыстова мы збіраемся ў храме ведаў, каб атрымаць асалоду ад спартыўнай сустрэчы – каляднага турніру па валейболе на кубак благачыння, – адзначыў айцец Іаан Кісель. – Свята Раства – гэта свята выратавання для нашых несмяротных душ. Больш за дзве тысячы гадоў таму нарадзіўся Хрыстос, каб даць нам, людзям, свайму стварэнню па завяршэнні зямнога жыцця ўвайсці ў вечнасць. Бог зрабіў усё, каб уратаваць нас. Цяпер і мы ў сваю чаргу павінны імкнуцца выконваць яго запаветы. Спорт дазваляе людзям выпрацоўваць цярпенне, загартоўку, павагу, а таксама дае радасць стасункаў. Самы ж цярплівы і паспяховы сёння атрымае галоўны прыз – кубак. Давайце ж пачнём калядны турнір з сумеснай малітвы.
Пасля малітвы ўдзельнікі турніру з задавальненнем уключыліся ў спаборніцтвы, іх актыўна падтрымлівалі трэнеры і балельшчыкі.
Усе каманды праявілі спартыўны запал на валейбольнай пляцоўцы, аднак, безумоўна, у некаторых гэта атрымалася больш паспяхова.
Нарэшце былі падведзены вынікі турніру і вызначана каманда, якая атрымала кубка Дзятлаўскага благачыння.
Удзельнікаў павіншавалі з завяршэннем спаборніцтваў і ўручылі дыпломы і салодкія прызы. Уладальніцай галоўнага прыза і дыплома першай ступені стала каманда сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Дыплом другой ступені дастаўся гаспадарам пляцоўкі – камандзе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла, трэцяй ступені – навучэнцам гімназіі № 1 горада Дзятлава.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і Наталлі ПАЗНЯК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga