8 юных жыхароў Гродзеншчыны ў чэрвені стануць пасажырамі “Цягніка памяці” ў рамках аднайменнага патрыятычнага беларуска-расійскага моладзевага праекта.
Хто будуць гэтыя маладыя людзі, высвятляе рэспубліканскі конкурс “Я – патрыёт сваёй краіны”, раённы этап якога завяршыўся на Дзятлаўшчыне.
Удзел у ім прымалі 9 дзесяцікласнікаў раёна, пра якіх ужо пісала газета “Перамога”.
Моладзь прадэманстравала свае творчыя здольнасці ў конкурсах эсэ “Аб той вясне…”, відэаролікаў “Мая краіна”, інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Памяць пакаленняў”.
Апошнія дзве намінацыі пад назвамі “Візітоўка” і “Я магу” сабралі канкурсантаў у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава. Сустрэча перарасла ў сапраўднае свята патрыятызму. Юныя дзятлаўчане даказалі, што яны годныя праўнукі Вялікай Перамогі, ініцыятыўныя, таленавітыя маладыя людзі, сапраўдныя лідары, якія ўжо цяпер робяць нямала для працвітання малой радзімы.
Прадстаўляючы “Візітоўкі”, у троххвілінных аповедах канкурсанты расказалі аб сваім грамадскім жыцці і дасягненнях, пастараўшыся выкарыстаць максімум крэатыву. Так, Уладзіслаў Касцюкевіч будаваў эйфілі, Злата Лагуцік складвала пазлы, Аляксандры Дзенісенка на дапамогу прыйшоў сябар Аркадзь – яе тэлефон, Ксенія Піваварчык выкарыстоўвала хэштэгі, а Дар’я Мазоль – “жывыя” карціны.
Парадавала і намінацыя “Я магу”, дзе большасць дзесяцікласнікаў прадэкламавала вершы аб Радзіме і падзеях Вялікай Айчыннай вайны, Андрэй Голуб сыграў вядомую кампазіцыю Ігара Лучанка “Журавы на Палессе ляцяць”, а Дар’я Мазоль станцавала з камандай.
Кожны канкурсант годна справіўся з заданнямі, таму членам журы было няпроста вызначыць пераможцаў, але конкурс ёсць конкурс.
Прадстаўляць Дзятлаўскі раён на абласным этапе 25 лютага ў Гродне будуць навучэнкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дар’я Мазоль і сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасія Шавель.
Іна ДЗЕДАВА
Фотаздымкі прадастаўлены аўтарам
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga