З пачаткам жніўня прыйшоў час “пажынаць” першыя плады плённай працы ва ўборачнай кампаніі-2021.
Ці ёсць вынікі? Несумненна! На Дзятлаўшчыне старт эстафеце перадавікоў на адвозцы збожжа далі вадзіцелі ААТ “Граніт-Агра” Міхаіл Нагорны, Аляксандр Бакей і Андрэй Гулецкі, якія перавезлі 1000 тон зерня.
Гэтая знамянальная падзея не магла застацца незаўважанай. Ушаноўваць вадзіцеляў-перадавікоў прыехалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак.
Разам з дырэктарам гаспадаркі Станіславам Мазурам і працоўным калектывам яны павіншавалі “сучасных” стаханаўцаў з тысячнымі намалотамі, адзначылі іх працавітасць, нацэленасць на вынік і значны ўклад у “зерневую” скарбонку раёна, пажадалі не спыняцца на дасягнутым, узяць курс на наступную “аграрную” планку ў 2000 тон, заўсёды быць у бадзёрым настроі і яшчэ не раз уваходзіць у лік лепшых вадзіцеляў уборачнай.
Прафесіяналаў сваёй справы ўзнагародзілі заслужанымі падзячнымі лістамі, уручылі букеты кветак і памятныя падарункі.
З музычным сюрпрызам да віншаванняў далучылася загадчыца аддзела культуры і вольнага часу мясцовага Дома культуры Святлана Грос. Яна праспявала апрацаваную песню музыканта і кампазітара Валерыя Кручкова “Родны край”.
Адзін з вадзіцеляў-перадавікоў Аляксандр Бакей працуе ў гаспадарцы ўжо больш за 25 гадоў, перавозіць розныя сельскагаспадарчыя культуры. Ужо не першы год становіцца тысячнікам на ўборачнай кампаніі. Разам з ім, яго верны “жалезны” сябар: аўтамабіль МАЗ 555102. Увесь сакрэт поспеху Аляксандра тоіцца ў некалькіх простых і мудрых словах: калі ёсць жаданне працаваць – значыць будзе і вынік. Сваім калегам, якія таксама перавезлі тысячу тон зерня, мужчына жадае моцнага здароўя, спраўнай тэхнікі і зялёнага святла на дарогах.
Зусім хутка вадзіцелі зноў прыступяць да сваіх абавязкаў, і можна не сумнявацца: гэтыя людзі будуць працягваць працаваць з поўнай самааддачай і прыносіць карысць сваёй гаспадарцы.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga