Засталося пару тыдняў да пачатку новага навучальнага года, аднак усе ўстановы адукацыі раёна ўжо цяпер павінны быць падрыхтаваны да яго.

Першымі ў цэнтры ўвагі аказаліся ўстановы пазашкольнай адукацыі – сацыяльна-педагагічны цэнтр і Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У сацыяльна-педагагічным цэнтры ўдзельнікаў камісіі, у якую ўвайшлі спецыялісты раённага аддзела адукацыі, супрацоўнікі пажарнай службы і міліцыі, а таксама прадстаўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сустрэла дырэктар Ала Жэгалік. Яна паказала ўмовы, у якіх жывуць дзеці, і расказала пра тое, што атрымалася зрабіць да навучальнага года сумеснымі намаганнямі.

– Калектывам навучальнай установы праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, на якую выдаткавана каля трох тысяч рублёў спонсарскіх сродкаў і паўтары тысячы – пазабюджэтных, якія мы зарабілі на пасадцы лесу.

Цалкам абноўлены ўсе памяшканні цэнтра – ад санвузлоў да метадычных кабінетаў, адрамантаваны фасад будынка, усталявана новая дваровая мэбля, пясочніца, закладзена бетонная пляцоўка для гульняў, высаджаны ўжо традыцыйныя клумбы. Дзякуючы спонсарскай дапамозе, у кабінетах і пакоях установы з’явілася новая функцыянальная мэбля, часткова абноўлена сантэхнічнае абсталяванне. Адным словам, зроблена ўсё, каб дзецям, якія трапляюць сюды з-за складаных жыццёвых абставінаў, было ўтульна і спакойна.

У сацыяльна-педагагічным цэнтры цяпер знаходзяцца трое дзяцей: двое падапечных будуць хадзіць адсюль у школу, а адзін – адправіцца ў прыёмную сям’ю.

Як адзначыла дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Марына Гуговіч, ва ўстанове быў зроблены касметычны рамонт фасада, абноўлены сцены, зменены дызайн кабінетаў. Сёння тут працуюць спецыялізаваныя кабінеты для работы з асаблівымі дзеткамі, у тым ліку – кабінет для работы з дзецьмі да трох гадоў, якія маюць вялікі шанц на поўную рэабілітацыю пад кіраўніцтвам педагогаў цэнтра. Для работы ва ўмовах абвостранай эпідэміялагічнай сітуацыі практычна кожны кабінет аснашчаны камп’ютарам з інтэрнэтам для анлайн-стасункаў педагогаў з бацькамі.

Сваімі ўражаннямі ад убачанага падзялілася адна з інспектараў, памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Людміла Рудзік:

– Пасля наведвання пазашкольных навучальных установаў першае, што хачу сказаць, гэта словы ўдзячнасці іх кіраўнікам, якія прыклалі вялікія намаганні для падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Прыемна бачыць, што абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў, гульнявое і спартыўнае абсталяванне, усё аформлена ў яркіх фарбах і з душой. Усе кабінеты і памяшканні адпавядаюць санітарным патрабаванням, яны зручныя і бяспечныя для сваіх выхаванцаў, як і павінна быць.

У час агляду ўважлівую і скрупулёзную камісію цікавілі ўсе нюансы: ад умоваў навучання, харчавання і адпачынку дзяцей да пажарнай і санітарнай бяспекі. На аснове справаздач, прадстаўленых намесніку старшыні райвыканкама Ігару Кухарэвічу ўдзельнікамі камісіі, па выніках агляду будуць падпісаны акты гатоўнасці навучальных установаў да новага 2021-2022 навучальнага года.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga 

Похожие публикации