Заканчэнне 2015 года для ўзорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы” было азнаменавана ўдзелам у абласным фестывалі аматарскіх тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы”. На суд журы і гледачоў юныя артысты з Дзятлава прадставілі шоу-спектакль “Гэта мой выбар — гэта маё жыццё”. Па выніках конкурсу тэатральная студыя была адзначана дыпломам “За лепшую рэжысёрскую пастаноўку”.
Артыст “Мелодыі душы” Данііл Каско атрымаў дыплом “За лепшую мужчынскую ролю”.

— У абласным фестывалі “Слонімскія цудадзействы” мы ўдзельнічаем не ўпершыню, — гаворыць кіраўнік студыі “Мелодыя душы” Іван Каско. — Сёлета — ужо трэці раз. Прыемна, што ігра аднаго з нашых юных акцёраў адзначана дыпломам “За лепшую мужчынскую ролю”. Такую ўзнагароду па выніках фестывалю атрымаў прадстаўнік толькі нашай студыі.
— Іван Іванавіч, якімі яшчэ дасягненнямі быў азнаменаваны для тэатральнай студыі і для тэатра роставых лялек 2015 год?
— Мінулы год падарыў шэраг знакавых падзеяў. У гэтым ліку і ўдзел у фестывалі “Славянскі базар”, мерапрыемствах да Дня беларускага пісьменства, гастрольныя паездкі ў Маладзечна і Мядзель, Ваўкавыск, выступленне ў моладзевым цэнтры ў Гродне. На мерапрыемства былі запрошаны дзеці, якія адзначалі свой дзень нараджэння 1 верасня. Таксама сёлета ўдзельнічалі ў “Карнавале весялосці”, які праходзіў у Воранаве.
Увогуле, за мінулы год мы атрымалі амаль трыццаць запрашэнняў, аднак з-за таго, што артысты студыі і гульнёвага тэатра лялек — школьнікі, яны свабодныя ад заняткаў толькі ў выхадныя, ад многіх запрашэнняў прыйшлося адхіліць. Адзначу і тое, што артысты гульнёвага тэатра лялек у мінулым годзе атрымалі запрашэнне выступіць у Маскве, Польшчы, Германіі.
— Іван Іванавіч, чаго чакаеце ад 2016 года, які аб’яўлены Годам культуры?
— Будзем спадзявацца, што гульнёвы тэатр роставых лялек “Лялькі для ўсіх” у гэтым годзе атрымае званне “узорны”.
Таксама спадзяюся на тое, што пройдзе фестываль роставых лялек і гульнёвых праграмаў у рамках Саюзнай дзяржавы. Неабходныя дакументы на правядзенне мерапрыемства ўжо знаходзяцца ў Расіі.
Некалькі гадоў запар артысты тэатральнай студыі і тэатра роставых лялек адзначаюць Дзень тэатра. Па традыцыі, у гэты дзень мы праводзім “капуснік”, паказваем новую пастаноўку. Сёлета мы таксама рыхтуемся да тэатральнага капусніка, працуем над пастаноўкай “Як Бабы Ягі казку ратавалі”, якая будзе ўтрымліваць і фокусы.
Увогуле, у новым годзе хочам паспрабаваць асвоіць і новыя фарматы, у прыватнасці, тэатр у фармаце “чорнага кабінета”, які дасць магчымасць ствараць на сцэне ілюзію.
Калі ж казаць наконт артыстаў тэатральнай студыі, то цяпер яна налічвае больш за трыццаць чалавек. Прыйшла і новая група юных акцёраў. Да дня тэатра яна рыхтуе пастаноўку “Прыгоды Вінкс”.
Адзначу і тое, што ўсе акцёры студыі — таленавітыя і актыўныя дзеці, якія любяць тэатр і ім жывуць.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА